Наладзіць жыццё, адрадзіць свой край

Грамадства

“Дарогай выселеных вёсак” – пад такой назвай праводзяцца дабрачынныя акцыі ў населеных пунктах нашага раёна. Ініцыятарамі выступаюць раённы Дом культуры і аўтаклуб.


Мэта застаецца нязменнай: арганізацыяй змястоўнага, цікавага адпачынку садзейнічаць умацаванню мікраклімату ў выселеных вёсках, раскрыццю і максімальнай рэалізацыі творчага патэнцыялу кожнага жыхара, развіццю духоўнай культуры, заснаванай на традыцыях і сучасных каштоўнасцях беларускага народа, выхаванню нацыянальнай свядомасці, патрыятызму.


У дзень  акцыі мы нізка схіляем галовы перад памяццю герояў-чарнобыльцаў, аддаём належнае патрыятызму людзей, якія, нягледзячы на небяспеку, засталіся жыць і працаваць на роднай зямлі. Раніцай жыхары вёскі Двор Савічы сабраліся каля мясцовага магазіна, дзе ім была прапанавана насычаная канцэртная праграма. Прысутныя паказалі, што ўмеюць не толькі працаваць, але і весяліцца, адпачываць. З задавальненнем прымалі ўдзел ва ўсіх конкурсах, гульнях і танцах, актыўна падпявалі самадзейным артыстам.


Шмат праблем у гэтых людзей, шчырых і адданых малой радзіме, але, нягледзячы на ўсе паслячарнобыльскія цяжкасці, яны змаглі захаваць сілу і моц духа, аптымізм, шчодрасць душы і любоў да творчасці.


Пасля канцэрта падыходзілі да загадчыцы аўтаклуба Алы Злыдзенкі, кіраўніка вакальнай групы “Бліскавіца” Івана Корхава, а таксама Рамана Цеслянка, Святланы Корхавай, Маіны Мацюшэнкі, Ірыны Гаршковай, запрашалі прыязджаць яшчэ.


Наступны прыпынак – Грушнае. Першае, што ўразіла, – буйная веснавая квецень, чысціня і парадак на вуліцы, добрая асфальтаваная дарога, свежаўзараныя агароды. Тут пражывае каля ста чалавек, сумленных і працавітых, неабыякавых да парадку ў роднай вёсцы.


Сэрца сціснулася ад болю, на душы стала сумна і прыкра, калі пад’ехалі да разбуранага сельскага клуба, які да аварыі на ЧАЭС быў цэнтрам творчасці і адпачынку.


Нават музыка, што загучала, не ўзняла настрой жыхароў, наадварот, прымусіла некаторых употай змахнуць слязінкі, да краёў запоўніла жалем і выклікала жаданне падзяліцца сваімі пачуццямі. Вяскоўцы запрашалі прыязджаць часцей, ім так хацелася пагаварыць, пачуць думкі іншых, расказаць пра сваё жыццё,  сакрэты. Адчувалася, што яны, як адна дружная сям’я, дзе нікога  не  пакідаюць сам-насам у цяжкія хвіліны.


Сельскім гледачам была прапанавана тэматычная выстава літаратуры, перыядычных выданняў, карцін пад назвай “Чарнобыль у маім лёсе”. Яны з цікавасцю слухалі, разглядвалі каштоўныя матэрыялы.


Гэтыя людзі, як ніхто іншы, маюць патрэбу ў разуменні і падтрымцы, бо засталіся на роднай зямлі, каб сагрэць яе цеплынёй і пяшчотай, вылечыць ад ран і наладзіць тут жыццё.


Любоў ДУБАТДЗЕЛ,
метадыст Брагінскага РДК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *