ПАДЗЯКА САЛДАТАМ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

Грамадства

Вайна – жорсткая рэч, яна вядзе за сабой несправядлівасць і злачынствы.


Плутарх


Многія яшчэ нават блізка не падышлі да разумення таго, што перажыла тады Беларусь. Тут вайна не абмінула нікога. Нават тых, хто зброю ў руках не трымаў. А таму і ў святочным рознагалоссі варта часам суцішыцца, памаўчаць. І падумаць. І зразумець…


З дзяцінства пры выглядзе ветэранаў з медалямі на грудзях ў мяне ўзнікае трапяткое пачуццё павагі і доўгу перад імі. Мне думаецца, што Другая сусветная вайна была вайной супраць зла. Дзякуючы перамозе над гітлераўцамі, беларусы захаваліся як нацыя. У выпадку перамогі нацыстаў нас фізічна вынішчылі, бо  «жыццёвую прастору» на ўсходзе нямецкія расісты прызначалі для сваёй каланізацыі.  Дзень Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі – адно з самых галоўных святаў нашага календара. Гэта свята, здабытае кровапралітнымі  шматгадовымі баямі за свабоду і незалежнасць Радзімы, цяжкай працай у тыле, барацьбой партызан і падпольшчыкаў на часова акупіраваных тэрыторыях.


Гэта дата залатымі літарамі назаўсёды ўпісана ў гісторыю нашай краіны. У гераічным летапісе Беларусі не было бітвы больш лютай, чым Вялікая Айчынная вайна, не было подзвігу больш значнага, чым подзвіг савецкага салдата, які абараніў Радзіму ад ворага, выратаваў свет ад нацызму. 


…Калі падчас урачыстага мітынгу  я чую песню “Дзень Перамогі”, бачу ветэранаў з сівымі галовамі, ордэнамі і медалямі на грудзях, адразу слёзы засцілаюць вочы і ўзнікае пачуццё гонару за сваю краіну і глыбокай павагі да ўсіх, хто праліваў кроў дзеля нашага сённяшняга мірнага жыцця. У летапiсе нашай Радзiмы 9 Мая Дзень Перамогi — гэта асаблiвае, дарагое свята для ўсiх нас.  Гэтыя майскія ўрачыстасці –  паўсюдныя ў нашай Беларусi: ад сталiцы горада-героя Мiнска да самай маленькай вёсачкі.


У гады Вялікай Айчыннай вайны ў радах Чырвонай Арміі змагалася каля паўтара мільёна беларусаў. Братэрства, згуртаванасць, агульныя мэты дапамаглі вытрымаць і перамагчы ў вогненныя гады.


Наўрад ці знойдзецца сям’я, якую б не закранула полымя Вялікай Айчыннай. А значыць, ніколі не зарасце сцяжынка да магіл загінуўшых.  І вельмі цудоўна, што светлы дзень Перамогі аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў. Радасць свеціцца ў вачах і дзяцей, і дарослых. А яшчэ – бязмежнае пачуццё гонару за наш мірны край, за сінявокую Беларусь і за людзей, якія змаглі абараніць  краіну ад ворагаў. Вечная слава нашым ветэранам і вечная памяць загінуўшым!


У Беларусі цяпер каля 35 тысяч ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Якое ж гэта шчасце – жыць пад мірным небам, не ведаць жахаў вайны!   І як жа добра сказаў наш таленавіты класік Кузьма Чорны: “Порахам чалавека не выхаваеш”.


Канстанцін КАРНЯЛЮК,


г. Віцебск



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *