ІМЯ ВЫНІКАМ — ПОСПЕХ

Сельское хозяйство

Гэтая пара заўсёды чакаецца з асаблівым хваляваннем. Земляробамі, аграномамі, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў. І проста тымі, хто неабыякавы да сялянскй працы. Так ужо склалася, што жніво — своеасаблівы экзамен, вынік карпатлівых намаганняў мноства людзей, гарант будучага дастатку.  І ўсе, хто мае да яго дачыненне, хто ўклаў у гэтую адказную справу часцінку сваёй працы: і непасрэдныя ўдзельнікі ўборачнай, і тыя, хто закладваў падмурак для ўраджаю – сеючы, вывозячы ўгнаенні, гадуючы жывёлу.  Гэта вельмі складаны і працаёмкі працэс – вырошчваць хлеб. У ім задзейнічана цэлая армія працаўнікоў самага рознага профілю. І важкі каравай – заслуга кожнага. Ці змог бы перавезці вадзіцель тысячу тон, каб не шчыравалі на восеньскім ці веснавым полі механізатары, каб не была падрыхтавана і адрамантавана тэхніка, каб спорна не працавалі камбайнеры, каб …, каб… Наіўнае пытанне…


А калі ўсе ў моцнай звязцы, пад умелым кіраўніцтвам, калі ведаюць і любяць сваю справу,  паважаюць яе, вынікі прадказальныя, і імя ім – поспех. З ім і віншавалі прама на хлебнай ніве вадзіцеля КСУП імя Жукава Генадзя Шкурко, які перавёз першую тысячу тон зерня. Віталі яго начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, першы намеснік старшыні райвыканкама Пётр Бухавец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Ігар Самбук, кіраўнік гаспадаркі Рыгор Дзегцярэнка, галоўны аграном Сяргей Міхаленка, і тыя, без каго не абыходзіцца ні адна значная падзея ў раёне –   прадстаўнікі  раённага  аддзела культуры, удзельнікі мастацкай самадзейнасці. Са шчырымі словамі да прысутных звярнулася Любоў Дубатдзел, метадыст Брагінскага РДК.


Здаўна гэтая гаспадарка славілася сваімі добрымі традыцыямі. На нейкі час лідарства было ўпушчана,  але зараз паступова адваёўвае ранейшыя пазіцыі. І гэта толькі радуе, бо людзі, што тут працуюць, вартыя самага лепшага.


Генадзю Шкурко былі ўручаны прывітальны адрас, падарунак. Для ўсіх прысутных гучалі народныя песні ў выкананні самадзейных артыстак з Бярозак і Новай Іёлчы.


У народзе кажуць: ёсць час для песень, ёсць для справы. А надвор’е прыспешвала – у гарачую пару кожная хвіліна на ўліку. І каб не цяклі гэтыя хвіліны праз пальцы залатым зернем, ведучы адлік стратам,  пасля святочнага моманту зноў напоўніліся жніўныя прасторы рокатам камбайнаў, каб па-свойму, шчодрым ураджаем  аддзячыць людзей за  працу.


Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *