Сілы дае зямля

Сельское хозяйство

Калі вы, паважаныя чытачы, сярод лепшых хлебаробаў раёна, чые прозвішчы змешчаны на раённую Дошку гонару, прачытаеце: Рыгор Рыгоравіч Раманюк – старшы камбайнер, Рыгор Рыгоравіч Раманюк – камбайнер КСУП імя Жукава, не здзіўляйцеся. Гэта не бацька з сынам, і нават не блізкія сваякі, а проста землякі. “Як вы адрозніваеце іх? Можна ж зблытаць і памылкова зарплату аднаго выдаць другому або няправільна налічыць яе?”, – спыталіся ў дырэктара сельгаспрадпрыемства. “А ў мяне ёсць яшчэ экіпажы, у складзе якіх два Аляксандры Іванавічы Раманюкі”, – з жартам адказаў Рыгор Дзегцярэнка. – Адрозніваем іх па ўзросце. Адзін – старэйшы, другі – маладзейшы”. Да такога супадзення ў гаспадарцы адносяцца нармальна, ніякай блытаніны ў дакументацыі не дапускаюць. А ўсяго на жніве задзейнічана дзевяць камбайнаў, найстарэйшы з якіх (“Ліда”) убірае зерневыя і зернебабовыя ўжо дзявяты сезон.


І не важна, з якімі прозвішчамі працуюць на іх камбайнеры і іх памочнікі. Ёсць у іх свой стыль і метады вядзення палявых работ, па якіх буркоўскіх (па назве цэнтральнай сядзібы – аграгарадка Буркі) механізатараў вылучыш адразу: прафесіяналізм, прыязныя адносіны паміж сабой, таварыскасць і пачуццё гумару. Ніякай зайздрасці да поспехаў іншых, наадварот, павага і ўзаемаразуменне. Магчымасць праявіць сябе ёсць у кожнага. “У мяне ўсе механізатарыт  ў аднолькавых  ўмовах”, – скажа Рыгор Рыгоравіч. “У нас усе працуюць добра”, – пацвердзяць потым, нібы прачытаўшы яго думкі, вадзіцелі і камбайнеры, з якімі ўдалося пагутарыць на жытнёвым полі.


Нагода для гэтага была: менавіта вадзіцелі КСУП імя Жукава на 20 ліпеня былі ў ліку лепшых на адвозцы зерня ад камбайнаў. Убачыць іх фотаздымкі на старонках мяцовага  выдання можна будзе не раз. У нас з павагай адносяцца да людзей працы, шчырых і адданых справе. А калі яны дабіваюцца высокай выпрацоўкі, павіншаваць іх, парадавацца за поспехі ў гаспадарку прыязджае кіраўніцтва раёна, прафсаюзныя лідары, аб чым “Маяк Палесся” не праміне расказаць. Хто ведае, можа, яны і на рэспубліканскія “Дажынкі” трапяць, што не выключана.У Генадзя Шкурко была магчымасць стаць першым вадзіцелем-тысячнікам, і ён яе выкарыстаў. Генадзь Валянцінавіч у асноўным быў заняты на адвозцы рапсу, таму і вырваўся ўперад. Ураджайнасць гэтай культуры ў КСУП імя Жукава – найвышэйшая ў раёне. Не ўступае яму ні ў чым Уладзімір Шахніцкі, пераможца рэспубліканскага спаборніцтва, удзельнік фестывалю-кірмашу, які праходзіў у Ваўкавыску. Сярод маладых вадзіцеляў ён заняў тады другое месца і атрымаў у якасці заахвочвання відэакамеру. Такія вось людзі працуюць на жніве-2012. Усё добра: і кормяць смачна, і тэхнікі на адвозцы хапае, і сушыльная гаспадарка ў парадку (КЗС-В40 у Мікулічах эксплуатуецца трэці сезон), і новыя камбайны  набываюць кожны год, і людзі руплівыя, умелыя, гатовыя працаваць ад цямна да цямна. Не хапала гэтымі днямі  аднаго: сонечнага надвор’я. Дажджы не давалі весці ўборку каласавых шырокім фронтам. У панядзелак тэхніка выйшла ў поле толькі пасля абеду. Самае крыўднае – у суседзяў у нядзелю ападкаў не было, а камбайны ў КСУП імя Жукава прастойвалі, як кажуць, па аб’ектыўных прычынах.


Ураджайнасць тут  пакуль найвышэйшая ў раёне. Дарэчы, тры гады таму менавіта гэтая гаспадарка па валавым зборы зерневых і зернебабовых была першая ў раёне. Убіраюць спачатку азімы ячмень, жыта і   трыцікале.  Землі пад іх адведзены не самыя ўрадлівыя. Іх пакінулі для пшаніцы, на якую ўся надзея. Вось на гэтых плошчах і ўраджайнасць павінна быць высокая. Азімая займае 620 гектараў, яравая – 150, ячменнае поле раскінулася на 170 гектарах. Да абмалоту гэтых культур не прыступалі.


Дарэчы, хлебаробы гаспадаркі планавалі сабраць з кожнага гектара па 22 цэнтнеры рапсу (як бачна, задачу гэту выканалі паспяхова) і па 36,3 – зерневых (з кукурузай). Справа гонару выйсці на такія паказчыкі, тым больш, што зрабілі для гэтага нямала. На пытанне: “Што дапамагло атрымаць высокую ўраджайнасць рапсу?”  дырэктар сельгаспрадпрыемства адказаў коратка: “Працавалі”.  Меліся на ўвазе месяцы напружанай працы, тры падкормкі, барацьба са шкоднікамі раслін … Затрачаны вялікія матэрыяльныя і людскія рэсурсы, але ж і вынік таго варты. Хаця, як адзначыў Рыгор Рыгоравіч, такую ўраджайнасць алейнай культуры яны ўжо атрымлівалі.


У канторы гаспадаркі вывешаны экран, на якім адлюстроўваецца ход уборачнай кампаніі. Кіраўніцтва і эканамічная служба творча падышлі да распрацоўкі ўмоў спаборніцтва і стымулявання людзей. Тое, што заробкі камбайнераў, вадзіцеляў у гэты час высокія, не сакрэт. За 12 дзён уборкі рапсу яны складаюць у асобных да 4 млн рублёў. Акрамя гэтага, у КСУП імя Жукава прадугледжана натураплата. Старшы камбайнер атрымае два кілаграмы зерня за кожную намалочаную тону, яго памочнік – 80% ад гэтай колькасці, вадзіцелі – па 0,5 кг.


Па заканчэнні жніва экіпаж, які зойме першае месца, атрымае грашовую прэмію ў суме 40 базавых велічынь, за другое месца прадугледжана прэмія ў суме 30-ці базавых велічынь, трэцяе – 20-ці. У дадатак да ўсяго за тысячу тон намалочанага зерня экіпажу выдадуць прэмію ў 10 базавых велічынь. Не абдзелены і вадзіцелі, якія таксама будуць заахвочаны матэрыяльна. Прэмія прадугледжана  слесару, токару, зваршчыку, машыністам зернетакоў. Яны атрымаюць па тры базавыя. Не забыліся ў гаспадарцы і пра тых, хто заняты прасаваннем саломы. Прэмія за першае месца – мільён, за другое – 500 тысяч рублёў. Ёсць стымул працаваць, імкнуцца быць у лідарах.


На полі, дзе ўбіралася жыта, мы сустрэлі бацьку і сына Лявоненкаў. Сяргей Аляксандравіч убірае хлеб дванаццаты сезон. Рыгор Рыгоравіч памятае той дзень, калі выдзеліў яму камбайн “Дон”. Лявоненка малодшы закончыў школу, прайшоў тэсціраванне, хоча паступіць у Палескі аграрны каледж. Гаспадарка выдала яму накіраванне. А пакуль у Мікалая практыка пад кіраўніцтвам бацькі, вопытнага камбайнера. Несумненна, будучаму механіку яна спатрэбіцца ў далейшым.


Калі  хочаце   атрымаць   зарад   бадзёрасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні, накіроўвайцеся на палеткі, дзе жнуць і малоцяць збажыну, на зернеток, дзе яе перапрацоўваюць. Ад сустрэчы са шчырымі і адкрытымі людзьмі цяплее на сэрцы. Іх здаровы аптымізм, сумленная праца пацвярджаюць: няма нічога больш каштоўнага, чым хлеб. А той, хто яго вырошчвае і ўбірае, чэрпае ад зямлі сілу духу, душэўную раўнавагу. Не абдзелены і матэрыяльна.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *