Вырасцілі, цяпер прадаюць

Сельское хозяйство

Прачытала ў “Беларускай ніве” аб тым, што Дзяржаўная хлебная інспекцыя выступае арбітрам паміж вытворцамі і нарыхтоўшчыкамі зерня, і парадавалася за вяскоўцаў. Будуць штодзённа кантралявацца не толькі першыя партыі збожжа новага ўраджаю, але і парадак разліку арганізацый-нарыхтоўшчыкаў з хлебаздатчыкамі. У выпадку нязгоды бакоў акрэдытаваныя лабараторыі ДХІ выступяць арбітрамі ў вырашэнні спрэчных пытанняў паміж хлебаробамі і нарыхтоўшчыкамі. Савет Міністраў сваёй пастановай вызначыў пералік заказчыкаў па пастаўках зерня ў дзяржаўны фонд. Як ідзе рэалізацыя рапсу і зерня ў нашым раёне, расказала галоўны спецыяліст па нарыхтоўках і якасці сельгаспрадукцыі Наталля Купрыенка:


–У лік дзяржзаказу ААТ “Брагінаграсэрвіс” сельгаспрадпрыемствы паставілі  3400 тон рапсу, што складае 57%. КСУП “Брагінскі” выканала даведзены план больш чым на 70%, КСУП “Саўгас “Камарынскі” – на 64%. КСУП “Малажынскі” адправіла  на перапрацоўку 664 тоны насення алейнай культуры з плана 1280. Актыўна вядуць продаж рапсу ўсе гаспадаркі. Акрамя гэтага, частка ўраджаю ідзе на Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў. КСУП “Брагінскі ужо выканала дзяржзаказ, а “Чамярыскі”  нават перавыканаў.


Камбінатам хлебапрадуктаў, прадпрыемствам спіртавой прамысловасці аграрыі  Брагіншчыны адправяць 5100 тон зерня. Дзяржзаказ першым складае 2100 тон. Навабеліцкі КХП прыме 500 тон аўса, Рэчыцкі – такую ж колькасць жыта, Калінкавіцкі – 1100 тон харчовай пшаніцы.


На вытворчасць спірту пойдзе 3000 тон збожжа, вырашчанага на землях раёна. Найбольшы план даведзены КСУП “Брагінскі” (630 тон) і “Чамярыскі” (620 тон), які яны паспяхова выконваюць. Гомельскі лікёра-гарэлачны завод чакае 2000 тон зерня, якое гаспадаркі павінны завезці згодна з заданнем, а “Этанол” (г. Мазыр) – 1000 тон. Падрыхтаванае да адпраўкі зерне перапрацоўшчыкі забіраюць сваім транспартам. Спадзяёмся, што да паслуг Дзяржаўнай хлебнай інспекцыі аграрыям Брагіншчыны звяртацца не давядзецца.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *