ЯКІМ ПАВІНЕН БЫЦЬ ДЭПУТАТ?

Грамадства


Вольга ХАРКАЎСКАЯ, загадчыца юрыдычнага сектара райвыканкама:


–Нягледзячы на тое што  дэпутатам Палаты  прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь можа быць асоба, якая дасягнула 21 года, гэтыя адказныя абавязкі, на мой погляд, патрэбна ўскладаць на чалавека, што сфарміраваўся як асоба, як прафесіянал, заслужыў аўтарытэт сярод сваіх землякоў, калег, падначаленых канкрэтнымі справамі.


Дэпутат павінен цікавіцца жыццём і працай, паўсядзённымі клопатамі сваіх выбаршчыкаў, быць у курсе сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, які прадстаўляе. Хочацца,  каб ён сустракаўся з людзьмі ў глыбінцы, на працоўных месцах, знаёміўся з іх праблемамі, бачыў перспектывы. І, вядома ж, садзейнічаў аператыўнаму вырашэнню прадыктаваных часам пытанняў у рамках закона.



Кацярына КАДЫРАВА, выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п. Брагіна:


–Лічу, што чалавек гэты павінен вызначацца актыўнай жыццёвай пазіцыяй, сумленнасцю і прыстойнасцю, быць кампетэнтным і аб’ектыўным. Добра, калі ён паспяховы ў працы, кар’еры – гэта дадае ўпэўненасці ў сваіх сілах. Нельга таксама скідваць з рахунку ўмення слухаць людзей, жадання дасканала вывучаць сітуацыю, працаваць на вынік. Самае каштоўнае для выбаршчыка – калі дэпутат не застаецца ў баку ад яго праблем.



Аляксандр ТРУСАЎ, дазіметрыст аддзела радыяцыйнай бяспекі і рэжыму Брагінскага ўчастка ПДРЭЗ:


–Вельмі важна, на мой погляд, каб дэпутат прадстаўляў у парламенце менавіта той рэгіён, дзе ён сам жыве і працуе, добра ведае інтарэсы, запыты і патрэбы яго жыхароў. Людзі больш давяраюць таму, хто не толькі адчувае іх настрой, але і  ідзе з імі адной дарогай, хварэючы душой за агульную справу. Яны чакаюць ад дэпутата выніковай работы, а гэта маецца на ўвазе  шчыры клопат пра дабрабыт і паляпшэнне якасці жыцця сваіх выбаршчыкаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *