ЗАДАЧА – ВЫРАТАВАЦЬ І ДАПАМАГЧЫ

Праздники и будни

Калі сярод белага дня ці ў начной цемры на волю вырываецца полымя, на тэлефонны нумар 101 паступае трывожны сігнал. І вось ужо па дарозе, парушаючы цішыню гукам сірэны, імчыць пажарная машына. Кожны з прахожых з хваляваннем сочыць за яе рухам: куды накіроўваецца, ці ўсё ў парадку з яго домам, роднымі і блізкімі.


Дзеянні людзей, што прысвяцілі сябе пажарнай службе, па-ваеннаму зладжаныя і хуткія:  на рахунку кожная хвіліна. Але без страт, вядома, не абыходзіцца – з агнём жарты дрэнныя.
–Часцей за ўсё пажары здараюцца вясной, калі пачынае гарэць сухая расліннасць, і ў перыяд  ацяпляльнага сезона, – робіць вывад са свайго вопыту работы Сяргей Максіменка, які з 2007 года ўзначальвае пажарна-аварыйную выратавальную   часць   №2   г.п. Камарына. – А прычына амаль заўсёды адна: бестурботнасць, неахайнасць чалавека, парушэнне ім правілаў бяспекі.


Не кожны здольны змагацца з вогненнай стыхіяй, рызыкуючы сваім жыццём, таму ў выратавальнікі, па меркаванні Сяргея Мікалаевіча, павінны ісці людзі, моцныя духам, смелыя і вынослівыя. У калектыве, дарэчы, пераважаюць кадры са значным стажам работы, і гэта сведчыць: ёсць  прафесійнае майстэрства, уменні і навыкі. Сярод найбольш вопытных  – камандзір  аддзялення Юрый Мішко, начальнік каравула Алег Пугач, дыспетчар пункта сувязі Мікалай Баброўнік, старшы вадзіцель Сяргей Гаўрыленка.


На дапамогу ў барацьбе з пажарамі прыходзіць больш мадэрнізаваная, укамплектаваная па сучасных патрабаваннях тэхніка. Сёлета ў часці з’явілася аўтацыстэрна МАЗ  ёмістасцю для вады да пяці тон,  што дазваляе хутка справіцца з полымем на доме сядзібнага тыпу.


Агонь заўсёды прыгожы, калі глядзіш на яго яркія языкі ў кастры ці  каміне, і страшны, калі бачыш, як ён знішчае дамы, лясы, маёмасць, губіць чалавечыя жыцці. А калі б не было на каго спадзявацца ў  такія хвіліны?.. Няхай па-ранейшаму застаюцца галоўнымі ў рабоце выратавальнікаў прафесійны гонар, абавязак і адказнасць.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *