ЖНІВУ НЕ СКАЖАШ “ПАЧАКАЙ”

Сельское хозяйство

Ёсць яно – зямное прыцягненне. Я маю на ўвазе не тое, якое называюць гравітацыяй, а тое, што шчыміць дзесьці каля сэрца, калі ўзіраешся ў бясконцыя абшары спелай збажыны.


Прыйшлі на палеткі вяскоўцаў самыя гарачыя летнія дні, як і спрадвеку гэтай парой. Ураджай у гэтым годзе неблагі. А каб гарантавана яго дачакацца, клапоціцца земляроб яшчэ  з восені, амаль адразу пасля ўборкі, калі завіхаецца на азімым кліне,  з вясны, з сяўбы і догляду яравых пасеваў. І кола гэтых спраў бясконцае, як само жыццё.


Зараз на палетках гаспадараць камбайнеры, задача якіх – выкарыстоўваць кожную гадзіну і нават хвіліну светлавога дня, каб паспець убраць збожжа і не быць засцігнутымі дажджом, які гэтым летам у нас часты госць.


Не дае надвор’е разгарнуцца ў поўнай меры і хлебаробам КСУП “Брагінка”. Як вынікае з аператыўных даных райсельгасхарчу, у   гэтым   годзе тут патрэбна ўбраць 385 гектараў рапсу і 1307 – зерневых. Таму і імкнуцца на палеткі экіпажы. Не паспяшаешся – перагоніць дождж. 11 ліпеня ўборкай рапсу займаліся тры камбайны. Экіпажы ўсіх – не навічкі на жніве. Добра ведаюць у раёне Мікалая Карсака. З 1983 года выводзіць ён камбайн на хлебную ніву, так што наступным летам будзе адзначаць своеасаблівы працоўны юбілей. Побач з бацькам – сын Юрый, навучэнец Палескага аграрнага каледжа. Ён змяніў на гэтым пачэсным месцы старэйшага брата, які зараз служыць ва ўзброеных сілах нашай краіны. Так што тут не толькі вопыт і майстэрства, але і, відаць, традыцыйная ў гэтай сям’і пераемнасць пакаленняў, перадача вопыту ад старэйшага малодшым. А гэта ўсяляе добрую надзею на тое, што не апусцее беларуская вёска, што ёсць каму працягваць традыцыі бацькоў.


Побач – экіпаж у складзе Мікалая Міроненкі і Аляксандра Боркіна, якія таксама не ўпершыню на хлебнай ніве. Працуюць на камбайнах вытворчасці “Гомсельмаша”. Тэхнікай задаволены, а вось уборку гэтага года лёгкай не назавеш. Рапс, як кажуць, увесь “пакручаны”, што выклікае свае цяжкасці. Але ж спраўляюцца.


Галоўны інжынер гаспадаркі Вадзім Давыдзенка ў гэтую гарачую пару таксама перакваліфікаваўся і дапамагае Дзмітрыю Ковалю на камбайне. Напэўна, так і павінна быць: спецыяліст там, дзе зараз найбольш напружаны і адказны ўчастак.


Дыктуюць свае ўмовы надвор’е, стан палеткаў, іншыя акалічнасці. Але ж не надта прыслухоўваюцца да гэтых дыктантаў хлебаробы, якія займаюцца сваёй справай, нягледзячы ні на што.


Клапоціцца адміністрацыя і прафсаюзны камітэт і пра стварэнне сацыяльна-бытавых умоў. Гатуе смачныя абеды на працягу трох гадоў занятая Людміла Салодкіна, і яе работай  задаволены. У асабістай статыстыцы – больш 600 прыгатаваных абедаў за май, 500 – за чэрвень. Нехта скажа: ну і што  такога? Але гаспадыні добра ведаюць, як у спякоту часам прымушаеш сябе і  сваю сям’ю накарміць, калі і боршч кіпіць, і катлеты тлушчам пырскаюць, а бульба ўжо прыгарае. Становіцца яшчэ больш  горача  і млосна. А тут аб’ёмы зусім не сямейныя…


Прыступілі ў гаспадарцы і да ўборкі  азімага ячменю. Але ўсе асноўныя работы яшчэ наперадзе, гэта  толькі пачатак.


Кожны раз, падчас малітвы «Ойча наш», поруч з адвядзеннем ад спакусы і адпушчэннем грахоў мы просім у Бога    хлеба   нашага  надзённага. Менавіта хлеба, а не чаго іншага. Бо само жыццё немагчымае без яго. Жніво — пара асаблівая. Зямля аддае чалавеку плён яго працы, і нічога няма ў гэты час важней, чым сабраць ураджай — аснову жыцця. Напэўна, хлеб таму і не бывае лёгкім, каб чалавек ведаў яго сапраўдную цану, каб памятаў, што ніякія каштоўнасці не могуць быць даражэй.


Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *