Зарэгістравана 330 ініцыятыўных груп

Грамадства

Акруговыя выбарчыя камісіі Беларусі зарэгістравалі 330 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання. Аб гэтым паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў час сустрэчы са старшынёй Выканаўчага камітэта  – выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым.


Лідзія Ярмошына адзначыла, што з ліку патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты, якія зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы, 66 заявілі аб прыналежнасці да той ці іншай палітычнай партыі. Найбольшую актыўнасць праявілі тры апазіцыйныя партыі, сказала старшыня ЦВК, не ўдакладніўшы, якія менавіта. Сваіх кандыдатаў вылучылі ў тым ліку Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Кіраўнік ЦВК дадала, што гэта былі нешматлікія вылучэнні, асноўны этап яшчэ наперадзе. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты прадоўжыцца да 15 жніўня.


Характарызуючы ход парламенцкай выбарчай кампаніі, Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на выпадкі правакацый з боку апазіцыйных сіл, у прыватнасці, на спробы зарэгістраваць ініцыятыўныя групы асоб, якія не маюць выбарчага права. Кіраўнік ЦВК звярнула ўвагу, што ніколі яшчэ так масава не ажыццяўлялася вылучэнне па вялікай колькасці выбарчых акруг. «Паміж колькасцю заяў і колькасцю зарэгістраваных ініцыятыўных груп вельмі вялікая розніца. Акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі 85 ініцыятыўных груп, на самрэч размове ідзе толькі аб 15 фізічных асобах, гэта значыць, вялікая колькасць ініцыятыўных груп на адну і тую ж асобу», – растлумачыла Лідзія Ярмошына.


Сустрэча старшыні ЦВК Беларусі і старшыні Выканаўчага  камітэта – выканаўчага сакратара СНД была прысвечана пытанням, звязаным з адкрыццём і арганізацыяй работы місіі наглядальнікаў ад СНД на парламенцкіх выбарах, якую ўзначаліць Сяргей Лебедзеў. Лідзія Ярмошына ўручыла яму пасведчанне наглядальніка №1. Яшчэ 12 пасведчанняў былі перададзены для астатніх членаў місіі. Кіраўнік ЦВК падкрэсліла, што наглядальнікаў ад СНД у Цэнтрвыбаркаме Беларусі ўспрымаюць як памочнікаў, добразычлівых крытыкаў, якія дапамагаюць палепшыць выбарчы працэс у краіне.


Сяргей Лебедзеў у сваю чаргу адзначыў, што місія наглядальнікаў СНД у час усіх папярэдніх выбарчых кампаній у Беларусі адчувала падтрымку і з боку ЦВК, і з боку ўсіх тых структур, якія займаюцца выбарчым працэсам. Ён выказаў упэўненасць, што і на гэтых выбарах усе дзверы будуць адкрыты для місіі наглядальнікаў СНД.


БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *