ЦІКАВА, ВЕСЕЛА І ПАВУЧАЛЬНА

Грамадства

ПРАВЯЛІ   ДЗЕЦІ   ЧАС   У  ПАЛАТАЧНЫМ  ЛАГЕРЫ   “НОВЫ  БЕРАГ”


Хлопчыкаў і дзяўчынак з Брагінскага і Хойніцкага раёнаў маляўнічы бераг Дняпра прымаў восьмы год. Сёння, калі дзеці шмат часу удзяляюць камп’ютарным гульням і інтэрнэту, дні, праведзеныя на прыродзе, дзе дзівоснай чысціні паветра, сонца і вада дораць шмат радасці, прыйшліся якраз  дарэчы.


Ініцыятыва арганізаваць гэты палатачны лагер належыць пастару евангельскай царквы Юрыю Куніцкаму, які заручыўся падтрымкай раённай улады. Пазней да яго далучыліся аддзел адукацыі, РАУС і іншыя зацікаўленыя службы.  З таго часу кожны год у канцы ліпеня бацькі на тры дні перадаюць сваіх дзяцей на выхаванне неабыякавым людзям, якія робяць адпачынак падлеткаў цікавым,  вясёлым  і павучальным.


Сёлета ў лагеры пабывала больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. Нягледзеячы на кароткі час сумеснага пражывання, яны паспелі пасябраваць. І ўсё – дзякуючы камандным гульням, якія прыносілі дзецям шмат азарту, перамог і добрага настрою.  А каб  не засталося часу на самоту, паклапаціліся пастар евангельскай царквы са Стралічава  Андрэй Шарэк і яго жонка Наталля. 


Свой  уклад у арганізацыю гульнявой праграмы ўнеслі таксама  работнікі Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра, Камарынскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.  Пабывалі тут і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія прадэманстравалі выратавальную тэхніку, расказалі аб правілах паводзінаў пры пажары.


Асаблівую цікавасць  у  падлеткаў выклікала экскурсія  на брандвахту, дзе яны пазнаёміліся з працай пагранічнага атрада і даведаліся, як ахоўваецца Дзяржаўная мяжа нашай краіны. Але, напэўна, самым доўгачаканым мерапрыемствам было катанне па Дняпры на катэры. Дарэчы, старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Мікалай Катлабай не толькі  звярнуў увагу на бяспечныя паводзіны пры купанні, але і правёў спаборніцтвы па заплыве.


Вялікае ўражанне на дзяцей зрабіла і размова з маладымі людзьмі, якія праходзяць рэабілітацыю ў адным з крызісных цэнтраў дабрачыннай рэлігійнай місіі “Вяртанне”. Аднойчы збіўшыся з правільнага шляху, гэтыя юнакі і дзяўчаты вучацца перамагаць свае слабасці,  пакідаць у мінулым дрэнныя звычкі, і сёння яны расказваюць іншым аб тым, што не варта рабіць, каб не зламаць лёс сабе і сваім блізкім. Асноўная мэта гэтай гутаркі –  давесці да падлеткаў, што жыццё без цыгарэт, гарэлкі і іншых наркатычных ядаў значна цікавейшае, што іх будучыня залежыць ад іх саміх.


На духоўныя тэмы дыялог з дзецьмі вёў і айцец Ігар, настаяцель прыходу храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца г.п. Брагіна.


Увогуле, сумаваць юным турыстам было некалі.  А пасля сонечных і водных працэдур  яны збіраліся за вялікім сталом на абед ці вячэру. Смачную і разнастайную ежу гатаваў  прафесійны повар Андрэй, прыхаджанін евангельскай царквы. Дастаўляў яе ў лагер на асабістым транспарце Аляксандр Зыкаў, супрацоўнік пажарна-аварыйнай выратавальнай часці г.п. Камарына. Трэба адзначыць, што Аляксандр добраахвотна вызваўся дапамагчы арганізатарам дзіцячага адпачынку ў гэтай справе.


На зыходзе насычанага падзеямі дня ўсе размяшчаліся вакол традыцыйнага вогнішча, спявалі пад гітару.  У апошні вечар гатавалі апетытную юшку, якую дзеці ўпляталі за абедзьве шчакі.  Сапраўды, нідзе не есца так добра, як на свежым паветры!


Адпачынак праляцеў хутка. Але яго галоўная мэта – напоўніць энергіяй і сілай дзяцей – была дасягнута. Прычым, як адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга  Ясінская,  палатачны лагер змяніў паводзіны многіх падлеткаў.  Нават той, хто ў паўсядзённым жыцці  вылучаўся задзірлівым  характарам, тут  станавіўся іншым. А ўсё – станоўчыя эмоцыі, жывыя зносіны і атмасфера сяброўства, якія панавалі ў лагеры на працягу трох дзён.  За тое, што адпачынак падлеткаў прайшоў на высокім ўзроўні, яго арганізатары выказваюць словы падзякі дырэктару ДЛГУ “Камарынскі лясгас” Уладзіміру Пашынскаму, выконваючаму абавязкі КЖУП “Брагінскае” Юрыю Лук’яненку,  начальніку Гомельскай пагранічнай групы Ігару Марозу і інш.


Бераг Дняпра дзеці пакідалі не з пустымі рукамі. Кожны атрымаў падарунак ад евангельскай царквы, а таксама ад Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.  Акрамя гэтага, у час закрыцця змены былі аб’яўлены пераможцы ў намінацыях “Самы добры”, “Самы задаволены”, “Самы шчодры”, “Самы сціплы” і інш. Ну і, вядома ж, павезлі ўсе дамоў незабыўныя ўражанні і яркія ўспаміны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *