Дзе губляецца тлустасць, або Чаму якаснае малако не трапіла да спажыўца

Сельское хозяйство

У аддзел лабараторнай дыягностыкі ўстановы “Брагінская ветэрынарная станцыя”, дзе вызначаюць якасць малака і іншай прадукцыі, мы з Людмілай Мельнічук  прыехалі ўдваіх. Да гэтага сустракаліся ў рэдакцыі, куды жанчына звярнулася, каб параіцца, што рабіць. Яна, як і большасць уладальнікаў кароў, малаказдатчыца. Як я зразумела, добрасумленная і прынцыповая. Сваю рагулю (а яна ў яе адна), даглядае,  песціць, бо гэта ж карміліца! Да таго ж і малако дае тлустае. І вось гэта акалічнасць прыносіць гаспадыні шмат клопатаў, а то і непрыемнасцяў. Трэба радавацца, а не атрымліваецца.  Малаказборшчык, вадзіцель цэнтравывазу з Хойнік, ставіць у накладной супраць яе прозвішча толькі базісную тлустасць, што значна ніжэй рэальнай. Людміле Міхайлаўне стала крыўдна. Сваю нязгоду і прэтэнзіі яна выказала ўслых, паспрабавала шукаць праўду ў тых, хто таксама займаецца закупам. У першую чаргу звярнулася да Таццяны Рак (пра яе на старонках мясцовага выдання пісалася шмат), бо яна трымае некалькі кароў, удзельнічае ў міжнародных праектах па развіцці сельскіх тэрыторый. Тая і растлумачыла Людміле, як правільна бяруцца пробы, праверыла малако, але ж афіцыйнай даведкі даць не магла. Няма ў яе сертыфіката на гэты від дзейнасці, ды і не лабарант яна.


Давялося  ехаць у  Брагін. Першы раз не пашчасціла, бо прыбор быў няспраўны. Параіўшыся, вырашылі дачакацца таго дня, калі прывязуць з рамонту. І вось, нарэшце, у руках кароткая даведка (яе паказала і малаказборшчыку) з прастаўленымі лічбамі тлустасці і шчыльнасці. Першая – 4,5%, другая – 1030. Даныя гэтыя пацвердзіліся і ў панядзелак, 20 жніўня, калі малако правяралася ў маёй прысутнасці. Людміла заехалай за мной спецыяльна. Па ёй бачыла, што вельмі ўзрушана. Было ад чаго. Усё малако (дзевяць літраў) узяць адмовіўся, спаслаўся на тое, што яно дрэнна ахалоджанае…


Пакуль прыбор вызначаў, колькі ў ім тлушчу, а Людміла ў гэты час аплачвала ў бухгалтэрыі паслугу спецыяліста (яна каштуе 12 550 рублёў), я з недаўменнем глядзела на вядро з малаком, і сэрца сціскалася ад крыўды. За Людмілу і такіх, як яна, сумленных працаўніц, якія не лянуюцца трымаць на падворку карову. З аднаго боку, гэта выгадна, бо ў іх сваё малако, сыр, вяршкі, масла. А з другога – па вушы клопату, недаспаныя ночы, хваляванні, калі жывёліна захварэе. Захочуць здаць лішкі сваёй прадукцыі, каб мець нейкі даход, сутыкнуцца з праблемамі. Аказваецца, гэта не так проста. Калі не абразяць, дык пакрыўдзяць, сапсуюць настрой. Як у той прымаўцы: “За сваё жыта ды яшчэ й пабіта”.


Гаспадыні, якія трымалі кароў, візуальна могуць вызначыць якасць малака. Тое, што было дастаўлена на праверку ў аддзел лабараторнай дыягностыкі, адпавядала ўсім патрабаванням. Гэта можна было сказаць па яго колеры. Тлустасць, як высветліў прыбор, аказалася 4,5%. Гэта агульная, ранішняе малако ўтрымлівае 4,9%. Па шчыльнасці (1030) спецыялісты сказалі адразу, што яна высокая. Наконт тэмпературы. Хаця прадукцыя была дастаўлена ў легкавым аўтамабілі і гадзіннік паказваў ужо абедзенны час, складала  12 градусаў, а не 15, як канстатаваў зборшчык.


Людміла забрала гэтае вядро з малаком дамоў, прымяненне яму знойдзецца. Думаю, не адмовіліся б  ад такой якаснай сыравіны і  спажыўцы, толькі да іх яна не трапіла. Па якой прычыне, давядзецца высвятляць. Ці захоча пасля гэтага жанчына прадаваць малако дзяржаве? Сказаць не бяруся. Мабыць, давядзецца шукаць рынкі збыту самой. Я асабіста набывала б яго з задавальненнем, каб мець і вяршкі, і тварог, і сыроватку. Так робіць мая суседка, мудрая жанчына, якая з трохлітровага слоіка малака рыхтуе адразу столькі прадукцыі. І танна, і смачна. А калі б Людміла яшчэ і сыр зварыла, адарвалі б з рукамі. Смак яго ведаю, бо каштавала і рыхтавала сама, калі трымала карову. Не адна я такая, ахвотнікі купіць знайшліся б.


Гэтыя словы-парады – хутчэй суцяшэнне жыхарцы Малеек. А калі падыходзіць да праблемы вызначэння тлустасці малака, арганізацыі яго закупу на дзяржаўным узроўні, неабходна наводзіць парадак, аб чым мы і дамовіліся з Ксеніяй Раманюк, старшынёй сельскага Савета. Яна ўжо прысутнічала пры адборы проб, іх праверцы. Давядзецца выканаць гэтую работу не адзін раз.


Аб тым, што спрэчныя пытанні накшталт гэтага неабходна вырашаць камісійна, гаварылі і работнікі ўстановы “Брагінская ветэрынарная станцыя”. Пробы малака адбіраюцца ў прысутнасці прадстаўніка мясцовай улады, малаказборшчыка і здатчыка прадукцыі, пламбіруюцца і накіроўваюцца ў Хойнікі і Брагін,  якасныя паказчыкі вызначаюцца паралельна. За праўду неабходна змагацца.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *