Дзіцячыя лёсы. Мы за іх у адказе

Грамадства

Першага верасня для гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак, як і для ўсіх школьнікаў, будзе святочным і ўрачыстым. Аб гэтым паклапоцяцца неабыякавыя людзі, для якіх усе дзеці (і свае, і чужыя) аднолькава родныя, дарагія. Прыгожы бант дзяўчынкам завяжуць таксама яны, а не клапатлівыя матуліны рукі, як і адпрасуюць сукенкі, кашулі, штаны, блаславяць у дарогу, дадуць наказ добра вучыцца. Мудрыя словы будуць гучаць з вуснаў выхавальнікаў, шэфаў, настаўнікаў…


Зробяць гэта яны ад душы, шчыра, толькі мама з татам сказалі б яшчэ лепш. Пасля мерапрыемства і ўрачыстай лінейкі дарослыя вернуцца да сваіх паўсядзённых спраў, а яны, сіроты пры жывых бацьках, застануцца ў прытулку…


Якое ёмкае слова. Дзеці, якія не патрэбны біялагічным бацькам, прытуліліся да незнаёмых, па сутнасці, дарослых. Хаця такімі яны былі да таго моманту, пакуль не трапілі сюды, у аддзяленне “Асарэвіцкі дзіцячы сацыяльны прытулак” Брагінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, і не пазнаёміліся бліжэй. Тут працуюць асаблівыя людзі, у  сэрцах якіх столькі любові, цеплыні і дабрыні, што малодшыя не заўважаюць, а старэйшыя не хочуць ведаць простай ісціны: яны ж не родныя. Некаторыя завуць жанчын-выхавальніц мамамі… Толькі ўстанова, якая становіцца для іх другім домам, мае патрэбу і ў рамонце, і ў добраўпарадкаванні, і ў абнаўленні абсталявання. Сродкі дапамагаюць збіраць многія арганізацыі і прадпрыемствы раёна.


Сюды мы прыехалі, калі рамонтныя работы ішлі поўным ходам. Сацыяльны педагог Сяргей Пацук спусціўся да нас з другога паверха. Разам з калегамі абдзіраў шпалеры, сашкрабаў гліну, фарбаваў, клеіў. Пакой для гульняў будзе прыгожы і ўтульны – аб гэтым  паклапаціліся і яны, і спонсары. Найбольш – калектыў КЖУП “Брагінскае”, які закупіў будаўнічыя матэрыялы: шпалеры трох відаў, 20 слоікаў белай фарбы, 8 – для падлогі, сантэхніку, фіранкі, карнізы і інш. Акрамя гэтага, спартыўны інвентар, гульні і пісьмовыя прыналежнасці, якія дзеці атрымаюць у Дзень ведаў. ААТ “Брагінаграсэрвіс” плануе падараваць тэнісны стол, зрабіць утульным з дапамогай жалюзі калідор. Работнікі ваенкамата сабраныя грошы пералічылі на спецыяльны рахунак. Брагінскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях купіў фарбу, пісьмовыя прыналежнасці. Адгукнуліся на просьбу адміністрацыі цэнтра дапамагчы з рамонтам працоўныя калектывы РВЭС, разлікова-касавага цэнтра №5 у г.п. Брагіне аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у Рэчыцы, ПМК-91.


“Я вельмі ўдзячна гэтым калектывам за адчувальную дапамогу. Яны з разуменнем аднесліся да лёсу нашых дзяцей, праявілі міласэрнасць, чуласць, – сказала дырэктар Брагінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярына Скараход. – Спадзяюся, што паслядоўнікі ў гэтай высакароднай справе ў іх знойдуцца. Робіцца ж гэта для рабят, абдзеленых лёсам. Няхай радуюцца прыгажосці і ўтульнасці, яркім фарбам, бо пакуль у іх маленькім жыцці пераважалі чорныя. Ды і вёска будзе поўніцца дзіцячымі галасамі, не трапіць у лік неперспектыўных і апусцелых.”


Усе, хто адзін раз пабываў у прытулку, прыязджаюць сюды яшчэ, і абавязкова – з падарункамі. Нядаўна праходзіла сустрэча выпускнікоў, якія закончылі школу ў 1972-м годзе. Дарослыя людзі, якія выхавалі сваіх дзяцей, прыйшлі з вялікімі пакетамі цукерак, фруктаў. Валянціна і Аляксандр Хмелянкі, Надзея Баранава, Наталля Губар,  Валянціна Прадка, Рыгор Ефіменка, Алег Зайцаў, Валянцін Канцавы не адмаўляюцца дапамагаць і далей.


Удзельнікі аўтапрабегу Уфа–Берлін, якія рухаліся па баявым шляху 112-й стралковай Чарнігаўскай дывізіі, прыпыняліся ў Асарэвічах. Калега з Башкартастана выхавацеля Віктара Падвербнага  (раней працаваў у школе, выкладаў ваенную справу), здзівіўся і па-добраму пазайздросціў, што ў нас ёсць установы такога тыпу. Віктар Іванавіч расказаў нам, што да іх прыязджаюць жыхары раёна, каб пачаставаць дзяцей чым-небудзь, падараваць цацкі. Робяць гэта сціпла, не афішыруючы сваіх спраў. Муж з жонкай ехалі ў Брагін з Камарына і не абмінулі прытулак, зайшлі, вядома, не з пустымі рукамі, паглядзелі, пагутарылі. Іван Бандарэнка спецыяльна завітаў, каб убачыць свайго маленькага суседа і ўручыць яму пачастункі.


Добрых людзей на свеце шмат. У нашым раёне такіх большасць. І радасна становіцца на сэрцы ад таго, што працоўныя калектывы з такім разуменнем аднесліся да лёсу прытулку, якому пагражала закрыццё, яго выхаванцаў. Агульнымі намаганнямі зробіцца рамонт, ухіляцца непаладкі, якія былі. Хацелася, каб гэтая акцыя працягвалася, бо сюды патрэбны і посуд, і дзіцячыя кніжкі, і пасцельная бялізна, і цацкі. Прывезці навагоднія падарункі і паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах – гэта адно, клапаціцца аб дзецях пастаянна, рабіць дабро бескарысліва, па закліку сэрцаў – другое. Няхай яны не чарсцвеюць.


Не паспелі ад’ехаць ад Асарэвічаў, як за вёскай на прыпынку аўтобусаў убачылі купку людзей. У вочы кінулася маладая жанчына з дзяўчынкай на руках. Малая спала. Заўважыўшы аўтамашыну,  падняла руку. Не прыпыніцца не маглі, дзіця пашкадавалі. Якое было наша здзіўленне, калі  падбег няголены мужчына, падобны на цыгана, і хуценька заскочыў у салон. Паспрабавалі растлумачыць, што гэтае месца прызначалася не для яго, а для маці з дзіцём. Ён забраў дзяўчынку да сябе, а яго спадарожніца засталася. Прызнацца, у той жа момант пашкадавалі, што не высадзілі яго. Ад смраду, вінна-гарэлачнага духу дыхаць не было чым. Да патрэбнай вёскі гора-бацьку (калі гэта было яго роднае дзіця) даімчалі ў імгненне вока.


У галаве не ўкладвалася, як маці магла даверыць гэтай асобе дзіця. Пра сумленне і пачуццё адказнасці гаварыць не было з кім, ды і сэнсу – таксама. Тое, што гэтая дзяўчынка – сродак для існавання, прыкрыцця ў розных жыццёвых сітуацыях і абставінах – сумнення не выклікае. Няўжо і яна трапіць у прытулак?..


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *