НА МЯСЦОВАЙ СЫРАВІНЕ

Сельское хозяйство

Цэх па перапрацоўцы насення рапсу на базе ААТ “Брагінаграсэрвіс” быў адкрыты ў лістападзе 2010 года. Падзея гэта прайшла без лішняй мітусні, спакойна і нават неяк будзённа. Так захацелі нямецкія партнёры, якія манціравалі абсталяванне і навучалі нашых спецыялістаў. Дарэчы, немцы прыязджаюць сюды і зараз, праводзяць гарантыйнае абслугоўванне вузлоў і агрэгатаў.


І вось мы зноў у цаху, дзе даводзілася бываць часта  за два гады. Няма ўжо той разгубленасці ад убачаных складаных механізмаў, як у першы раз. Прывычныя рабочыя абставіны, два прасоўшчыкі-аджымшчыкі Аляксандр Калівошка і Уладзімір Паўленка сочаць за працэсам перапрацоўкі рапсу. Насенне алейнай культуры з дапамогай спецыяльнага прыёмніка трапляе ў млын, дзе ачышчаецца, прасейваецца. Потым ідзе ў бункер, адтуль падаецца ў агрэгат, які размяркоўвае яго. На выхадзе атрымліваюць алей і грануляваны жмых. Потым алей фільтруецца, ачышчаецца і выліваецца ў бочку ўмяшчальнасцю 60 тон. Які ён па якасці: тэхнічны ці харчовы, пакажа аналіз.


Як растлумачылі нам у адкрытым акцыянерным таварыстве, гэта залежыць ад сыравіны, якая сюды паступае. Калі яна доўга ляжала пад адкрытым небам, харчовага алею з яе не атрымаеш. Лінія разлічана на шэсць тысяч тон. Сёлета аграрыі раёна вырасцілі нядрэнны ўраджай рапсу, ААТ “Брагінаграсэрвіс” згодна з заключанымі дагаворамі паставілі 3200 тон. Не выканалі пакуль дагаворныя ўмовы дзве гаспадаркі. Паколькі забяспечанасць сыравінай складае 50%, разлічваюць на сланечнік, якога пасеялі больш за тысячу гектараў.  Суседнія раёны – Лоеўскі і Хойніцкі – таксама ўнеслі свой уклад, але іх доля мізэрная: 25 і 60 тон (узаемаразлік за прыгатаваныя ім камбікармы млынам на колах). Яго “Брагінаграсэрвіс” набыў нядаўна, і не прагадаў. Працуе бесперабойна, а заявы прыняў да 1 верасня. Вадзіцель Сяргей Гаўрыленка не змог выкарыстаць усе дні адпачынку, настолькі запатрабаваны паслугі млына ў аграрыяў.


У касу прадпрыемства ён прыносіць кожны месяц 70-80 млн рублёў, не пакрыўджаны   заробкам  і вадзіцель.   Ён  гэтага  заслужыў. Майстры-наладчыкі фірмы, якая  выпускае млыны, адзначаюць, што па дагледжанасці, тэхнічным стане  машына ў руках Сяргея Гаўрыленкі – найлепшая з усіх, якія працуюць у рэспубліцы.


У новых эканамічных умовах дырэктару Сяргею Набоку і яго спецыялістам   даводзіцца   няпроста. Часам падводзяць партнёры: не разлічваюцца своечасова за атрыманую прадукцыю. На  23 жніўня доўг спажыўцоў складае 1 млрд 200 млн рублёў. А заработная плата калектыву пакуль не выплачана… Такія няўвязкі не лепшым чынам адбіваюцца на дзейнасці прадпрыемства.  Не пашанцавала і ў тым плане, што мінулагодняя інфляцыя, скачкі курсу валют прынеслі дадатковыя страты. Крэдыт у еўра (600 тысяч) бралі па адным, больш нізкім, а аддаваць прыходзіцца па сённяшнім, даволі высокім. Але ж аптымізму і надзеі не страчваюць, калектыў працуе стабільна і плённа. Ад перапрацоўкі рапсу атрымліваюць кожны месяц 50 млн рублёў, аказваюць аграрыям і іншыя паслугі, шукаюць дадатковыя крыніцы заробку. Рэалізацыя новага праекта “Пашырэнне цэха па перапрацоўцы рапсу”, на які разлічваюць, павінна вырашыць усе фінансавыя праблемы.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *