ВіНШАВАЛІ НА ХЛЕБНАЙ НІВЕ

Сельское хозяйство

Як вартавыя хлебнай нівы, стаялі ўздоўж поля буслы. І нават не як вартавыя, а як ганаровая варта. Іх не палохаў рокат матораў магутных камбайнаў, гул транспарту, які праязджаў.  Планіравілі бела-чорныя прыгажуны, вольна расправіўшы крылы,  і ў небе над пожняй. Здавалася, спакой і задавальненне пануюць навокал. Ды гэта падманлівае ўражанне, бо шчыруюць на хлебнай ніве людзі, каб гарантаваць гэтую стабільнасць. Забяспечыць харчовую бяспеку краіны – такая задача пастаўлена перад вяскоўцамі Прэзідэнтам некалькі гадоў таму назад.


І яны прыкладаюць усе намаганні, каб дасягнуць вызначаных рубяжоў. З кожным годам павялічваюцца планы, лік ідзе нават не на сотні тысяч, а на мільёны тон. Павялічваецца  колькасць тых, хто дабіваецца значных поспехаў на ўборцы збожжавых. Стала ўжо добрай традыцыяй віншаваць з працоўнымі перамогамі прама ў полі.


У чарговы раз начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ігар Самбук і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці Віктар Балобан уручалі прывітальныя адрасы і падарункі на палях КСУП “Брагінскі” сямейнаму экіпажу Дзегцярэнкаў і вадзіцелю Анатолю Кацубу, вадзіцелю КСУП імя Жукава Уладзіміру Шахніцкаму.


А ў суботу начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Бухавец і Ігар Самбук ужо ў КСУП “Чамярыскі” віншавалі маладзёжны экіпаж Міхаіла Салдаценкі і Дзмітрыя Кавальчука, вадзіцеля Рыгора Кудранка. У гэтай гаспадарцы на ўборцы задзейнічана восем камбайнаў, што дазваляе хутка і манеўрана спраўляцца з работай. Як вынік – у пятніцу тут устаноўлена своеасаблівая высокая планка:  агульны дзённы намалот склаў 1140 тон.


На полі, дзе віншавалі лідараў жніва, зерневыя неблагія. Тут, як адзначыў дырэктар Генадзь Краўчанка, плануюць намалаціць па сорак цэнтнераў, хаця бальнасць глебы ўсяго 17. Уборка вядзецца без прамаруджвання, камбайны разгружаюць бункеры ў кузавы самазвалаў рухаючыся (калі гэта дазваляюць тэхнічныя характарыстыкі аўтамабіляў). Тры МАЗы, дзве ГАЗ-53 і трактар шчыруюць паміж полем і зернетаком.


На хвілінку спыняецца тэхніка, шчырыя словы падзякі гучаць у адрас маладых камбайнераў, уручаюцца падарункі. Кіраўнік гаспадаркі дадае: “За кожную тысячу – мільён прэміі”. Што ж, і ганарова, і эканамічна нядрэнна. Але прыходзяць грошы праз цяжкую, напружаную працу, праз спаборніцтвы і ўсведамленне таго, што ад твайго асабістага ўкладу залежыць многае.


Галіна  ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *