Вось гэта каманда!

Сельское хозяйство

Падарункі ад раённага выканаўчага камітэта  прызначаліся для чатырох  экіпажаў і вадзіцеляў КСУП «Малажынскі». Віншаваць адразу такую колькасць «тысячнікаў» (12 чалавек), ды яшчэ ў адной гаспадарцы, начальніку аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ігару Самбуку  раней не даводзілася. Нам таксама. Сабраць іх разам у Доме механізатараў дапамог дождж, праўда, не ўсіх. Віктар Уласенка адвозіў зялёную масу, не было і Васіля Філона. Прысутнічалі таксама дырэктар КСУПа Міхаіл Пінжакоў і старшыня прафкама Паліна Пімінёнкава.


Ад імя райвыканкама Ігар Васільевіч павіншаваў хлебаробаў з працоўнымі дасягненнямі і пажадаў новых поспехаў, падзякаваў за стараннасць. “Малажынскі” – буйная гаспадарка, як кажуць эканамісты, валаўтвараючая. І зерневыя тут – больш за тры тысячы гектараў. Таму да фінішу прыходзяць не першымі, але не з горшымі паказчыкамі. І “тысячнікі” з’яўляюцца тады, калі ў іншых сельгаспрадпрыемствах жніво блізіцца да завяршэння. Сёлета дасягнулі значных вышынь  адразу ўсе:  і маладзёжныя экіпажы, і вопытныя. Уладзімір Чарнянок (працуе без памочніка) намалаціў 1270 тон збожжа, убраўшы 494 гектары. У яго камбайн КЗС 1218. Уладзімір Харко з сынам Валерыем запісалі на свой рахунак 1150 тон і 380 гектараў. Тандэм Сяргея Філона і Васіля Шынкарэнкі мае паказчык 1032 тоны і 418 гектараў.


Прозвішчы Андрэя Гуза і Аляксандра Шапавала не сыходзілі з раённай Дошкі гонару. Сярод мадзёжных экіпажаў яны – на другім месцы. Вызначыліся маладыя вадзіцелі Аляксандр Філіпенка (перавёз 1142 тоны), Васіль Філон (1056 тон), механізатар Уладзімір Харко, які на трактары МТЗ-2022 даставіў ад камбайна на зернеток 1122 тоны.


Быў сярод тых, каго ў той дзень шанавалі, пераможца рэспубліканскага спаборніцтва (ім ён станавіўся двойчы) Аляксандр Рудабелец. Без перабольшвання, гонар гаспадаркі, прыклад для пераймання. Расказвалі, як малады вадзіцель, убачыўшы, як Аляксандр Іванавіч пасля кароткага перапынку  (дзяжурыў ноччу на зернетаку) выехаў раніцай на працу і накіраваўся да камбайнаў, цвёрда сказаў сабе: “Не, ніякага сну. Калі Іванавіч паехаў, паеду і я”. Жніво – свайго роду выпрабаванне, якое высвечвае ўсё лепшае ў чалавеку. Знайшліся ў напружаны час уборачнай кампаніі і аматары “пабаставаць”, прад’явіць ультыматум, спаслацца на стомленасць. Пра іх гаварылі мімаходзь, каб лепш ахарактарызаваць людзей, чыя самаадданасць, пачуццё абавязку заслугоўваюць павагі. Бітву за ўраджай выйгралі менавіта яны, працалюбівыя і сціплыя. І такіх большасць. Гэта дзякуючы ім КСУП “Малажынскі” застаецца той гаспадаркай, якую ведалі як адну з лепшых, прынцып работы якой – дасягаць новых вышынь.


Матэрыяльна таксама людзі засталіся не ў накладзе. За ліпень заробак у асобных дасягнуў 13 млн рублёў – гэта максімум, а ў асноўным –  па 7-8 млн. Атрымаць 4 млн за 13 дзён працы на жніве, згадзіцеся, не так і дрэнна. Хто не ленаваўся, атрымаў ад сваёй працы і маральнае задавальненне, і добрыя грошы. Да ўсяго было арганізавана гарачае харчаванне.  Для людзей стварылі спрыяльныя ўмовы.


У панядзелак, 13 жніўня,  неба зацягнула цёмнымі хмарамі, цэлы дзень ішоў дождж, і камбайнеры, вадзіцелі былі заняты ў мехдвары. Адпачываць давядзецца не хутка. Будуць рыхтаваць палі, кармы, сеяць рапс, азімыя зерневыя. Уборка працягнецца, але ўжо кукурузы, бульбы, іншых культур. Сёлета сабралі 1338 тон рапсу, рэалізавалі яго ААТ “Брагінаграсэрвіс” і Рэчыцкаму камбінату хлебапрадуктаў, атрымалі грошы, забяспечылі грамадскае пагалоўе жмыхам, які адкрытае акцыянернае таварыства будзе выдзяляць усю зіму. Раслінаводчая галіна працуе на жывёлагадоўчую, а разам – на эканоміку гаспадаркі.  Доля “Малажынскага” ў раённых паказчыках па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі значная. Тут пра гэта не забываюць.


P.S.  А 15 жніўня Ігар Васільевіч віншаваў “тысячнікаў” з КСУП імя Жукава. У гаспадарцы ў час жніва-2012 мы пабывалі некалькі разоў, бо менавіта гэтае сельгаспрадпрыемства першым завяршыла ўборку зерневых і зернебабовых, а камбайнеры, іх памочнікі і вадзіцелі, аператары сушыльных агрэгатаў паказвалі ўзоры бездакорнай работы. Падарункі атрымалі сямейныя экіпажы ў складзе Сяргея і Мікалая Лявоненкаў, Сяргея і Уладзіміра Крысенкаў, а таксама Сяргей Прыходзька (працаваў адзін) , экіпаж Аляксандра Раманюка,  Сяргея Герасіменкі.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *