ЗА РАНЦАМ – ВА ЎНІВЕРМАГ

Грамадства

Да пачатку новага навучальнага года застаўся роўна тыдзень. Традыцыйная пара для збораў у школу – у поўным разгары. Сярод абавязковых пакупак – ажурныя блузачкі і белыя кашулі, расклёшаныя спаднічкі і чорныя штаны, а таксама банцікі, гальштукі, сшыткі, альбомы, ручкі, алоўкі…


Як паведаміла начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Аксана Раманюк, асноўныя месцы, дзе можна набыць да школы практычна ўсё,– універмагі Брагіна і Камарына. Акрамя гэтага, у вясковых крамах аформлены куточкі школьнікаў з шырокім асартыментам канцылярскіх тавараў, а кожную пятніцу на рынку ў райцэнтры працуе выязная палатка з прыладамі і адзеннем для вучняў.  Дарэчы, усяго ў продажы знаходзіцца 750 адзінак  швейных вырабаў для дзяцей школьнага ўзросту на агульную суму 130 мільёнаў рублёў, а таксама 370 пар абутку на 89 мільёнаў рублёў. Уся прадукцыя – айчыннай вытворчасці, якасная. Сёлета беларускія  фабрыкі прапаноўваюць шмат новых мадэляў. І калі школьная форма для  хлопчыкаў абмяжоўваецца толькі касцюмамі і кашулямі, то дзяўчынкам выбраць ёсць з чаго. Гэта разнастайныя блузкі, спаднічкі, сарафаны…


Ва ўнівермазе райцэнтра ажыятажу не назіраецца. І гэта тлумачыцца не толькі  тым, што да першага верасня яшчэ тыдзень, а брагінчане плануюць закупіцца ў апошнія дні ці адправіліся на гарадскія кірмашы.  Многія клапатлівыя бацькі пачалі рыхтавацца да новага навучальнага года, як толькі завяршыўся папярэдні, і ў іх дзеці ўжо даўно ў поўнай экіпіроўцы. А для тых, хто толькі збіраецца наведаць гандлёвыя кропкі, у райспажыўтаварыства ёсць выгадная прапанова – набыць тавары для школы з растэрміноўкай плацяжу.  Гэта значыць, што вам дастаткова выбраць свайму дзіцяці адзенне ці канцылярскія прылады або тое і іншае  на суму звыш 500 тысяч рублёў і ўнесці ў касу 40% ад яе.  Астатак   жа  будзе  падзелены на тры месяцы. Аднак трэба спяшацца – акцыя дзейнічае толькі ў жніўні. 


А зараз давайце крыху прыцэнімся. Напрыклад, нам патрэбна апрануць  дзяўчынку-першакласніцу. Калі мы захочам падабраць ёй касцюм-тройку  (жакет,   спаднічку і камізэльку), то  гэта  абыйдзецца нам у 550 тысяч рублёў.  Спалучэнне блузкі і сарафана – крыху танней: 176 000 руб. + 198 000 руб.  Абутак – ад 240 тысяч рублёў. Для хлопчыка школьнае адзенне будзе каштавать прыкладна столькі ж: касцюм – ад 441 тысячы рублёў, кашуля – ад 82 тысяч, але ёсць і па 170–219 тысяч, туфлі – 257 тысяч рублёў. 


Рукзакі і сумкі ў гандлёвых кропках  таксама на любы густ, іх кошт –  ад 109 да 250 тысяч рублёў. На 200–300 тысяч пацягнуць і канцэлярскія прылады.
Дарэчы, як паведамілі ў райспажыўтаварыстве,  у крамах многае можна набыць танней, чым на рынку. Напрыклад, дзённік. Ва ўнівермазе ён каштуе 5700 рублёў, а на рынку ўдвая даражэй. Да таго ж, там не заўсёды можна знайсці дзённік устаноўленага ўзору.


Бацькі, вядома ж, зробяць усё, каб навучанне нашчадкаў было камфортным. А задача дзяцей – добра вучыцца і паводзіць сябе.


Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *