умелыя рукі, вопыт і веды

Сельское хозяйство

Камбайн з поля – плуг у баразну. Так  адным сказам можна назваць перыяд падрыхтоўкі і правядзення сяўбы азімых, які прадвызначае лёс будучага ўраджаю. Але спачатку ўбіраюць салому. Каб не зацягваць цыкл асенніх работ, КСУП “Брагінскі” тры гады таму набыло для гэтай мэты новы прэс-падборшчык “Квадрант-3200”, які агрэгатуецца з трактарам фірмы KLAAS. Працуе на ім адзін з лепшых механізатараў Аляксандр Нікіценка. На гэта ёсць свае прычыны, і адна з іх – умелыя рукі, вопыт і веды. Пра пачуццё адказнасці гаварыць не варта, яно падразумяваецца само сабой. У гаспадарцы Аляксандр Нікіценка працуе з 1990-га, пасля дэмабілізацыі з арміі. За ім замацаваны два трактары, за руль якіх садзіцца ў залежнасці ад сезонных работ. Калі гэта вясна – сее, а ў час нарыхтоўкі кармоў і ўборкі зерневых прасуе сена, салому.


Разам з галоўным інжынерам гаспадаркі Уладзімірам Свірыдзенкам мы прыехалі ў механічную майстэрню, дзе Аляксандр рамантаваў падборшчык. Ёсць у гэтай разумнай машыны слабыя месцы, якія ён ведае, і ўхіляе недахопы сам. Паколькі сельгасмашына замежная, запасныя часткі бяруць у дылерскім цэнтры.


За тым, як спрытна механізатар рамантуе вязальны апарат, сачыў яго малады калега Алег Ласіца. На гэтага юнака ў гаспадарцы ўскладваюць вялікія надзеі. Неабыякавы, дысцыплінаваны, паслухмяны, да ўсяго прыглядваецца, стараецца ўнікнуць у сутнасць справы, быць карысным. Парады старэйшых прымае з удзячнасцю, не аспрэчвае заўвагі. А што вопыту малавата, дык ён прыйдзе.


Яго цёзка Максім асвойваў у ПТВ прафесіі механізатара і зваршчыка, якія аказаліся дарэчы, калі прыйшоў у КСУП “Брагінскі”. Зварачнымі работамі заняты і зараз. Разам з Алегам і Максімам практыку ў гэтай гаспадарцы праходзілі Вячаслаў Германенка і Ілля Чуйка, якія і вярнуліся сюды пасля заканчэння Хойніцкага вучылішча. Ці стануць юнакі сапраўднымі хлебаробамі, такімі ж умелымі, як Аляксандр Нікіценка, залежыць і ад іх саміх, і ад тых, хто побач. Сакрэтамі вопытныя трактарысты дзеляцца, але ж неабходна, каб і ў саміх было жаданне. Можна не сумнявацца: хтосьці з гэтых маладых механізатараў у хуткім часе калі і не заменіць праслаўленых ветэранаў вытворчасці, то стане з імі на адну прыступку ў прафесійным майстрстве.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *