2 верасня – Дзень беларускага пісьменства

Грамадства

Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Традыцыйна яно праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі,  літаратуры   і  кнігадрукавання.Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным Полацку. Затым сталіцамі сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец,  Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь,   Хойнікі,  Ганцавічы.  У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Па традыцыі адбываецца  ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя, іншыя мерапрыемствы.


Штогод  у святкаванні  прымаюць удзел высокія афіцыйныя асобы, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у  нашай краіне, замежныя дэлегацыі.


За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта  тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.


Дзень беларускага пісьменства дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, жывымі сведкамі працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў.


У гэтым годзе свята пройдзе ў горадзе Глыбокае  Віцебскай вобласці. Дзень беларускага пісьменства – своеасаблівы нацыянальны абярог, прызваны захаваць душу народа, якая, як вядома, – у мове, дараванай Богам… Таму і вандруе свята з аднаго кутка Беларусі ў другі, кожны раз  напамінаючы, што жывём і жыць будзем,  пакуль мова з намі.


Падрыхтавала Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *