БЛАКІТНАМУ ПАЛІВУ – ЗЯЛЁНАЕ СВЯТЛО

Праздники и будни

Газавай прамысловасці належыць адна з вядучых роляў у забеспячэнні эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве, бо святло і цяпло ў дамах не меней важныя для людзей, чым ежа, прытулак і адзенне. Да бесперабойнай пастаўкі блакітнага паліва спажыўцам, гарантуючы  бяспеку эксплуатацыі абсталявання, штодня прыкладаюць усе намаганні і супрацоўнікі Брагінскага цэха газавай гаспадаркі. Заўтра яны будуць адзначаць прафесійнае свята.


Напярэдадні ў калектыў цэха завіталі начальнік  Рэчыцкага міжраённага вытворчага ўпраўлення “Рэчыцамежрайгаз” Ігар Лявінскі і старшыня прафсаюзнага камітэта Аксана Пракапенка, якія павіншавалі супрацоўнікаў  прадпрыемства са святам, падкрэслілі галоўныя вытворчыя і сацыяльныя поспехі галіны, пажадалі новых працоўных здзяйсненняў і рэалізацыі пастаўленых задач. А галоўная з іх – якаснае і бесперабойнае забеспячэнне газам усіх спажыўцоў.


Прыродны газ ужо даўно стаў асноўным відам паліва для прадпрыемстваў, ацяпляльных кацельняў, жылога фонду краіны. І, як паведаміў начальнік Брагінскага цэха газавай гаспадаркі Рыгор Шупан, ідзе ён і да жыхароў нашага раёна.  Сёлета, напрыклад, завяршаецца падключэнне дамоў у Мікулічах і Рыжкаве. На чарзе – Малажын і Сялец, дзе работы пачнуцца ў наступным годзе. 


Але многія працягваюць карыстацца звадкаваным газам. Па-ранейшаму да спажыўцоў ён дастаўляецца ў балонах. Прычым нядаўна сетка абслугоўвання пашырылася: далучылі населеныя пункты Хойніцкага раёна, і сёння агульная колькасць абанентаў складае больш за чатыры тысячы. Нягледзечы на гэта, якасць паслугі не знізілася. А каб мінімізаваць затраты, былі перагледжаны маршруты дастаўкі, вядома,  не ў шкоду насельніцтву.


– Мы ганарымся нашым прадпрыемствам, вытворчасцю і навацыямі, якія ўсё часцей ужываем у сваёй дзейнасці, – гаворыць Рыгор Леанідавіч, – але галоўны наш гонар –  супрацоўнікі.  Для іх мы ствараем усе належныя ўмовы для плённай работы і адпачынку.


Вылучаць кагосьці асобна кіраўнік цэха не стаў. Высокае майстэрства, працавітасць і адказнае стаўленне да справы праяўляюць усе супрацоўнікі. Зладжанасць у калектыве нараджаецца на пастаянных планавых работах, а вытрымка і здольнасць працаваць столькі, колькі спатрэбіцца для ўхілення  аварыйнай сітуацыі,  абумоўлены адказнасцю кожнага. Але па традыцыі перад прафесійным святам  патрэбна назваць лепшых прадстаўнікоў галіны. Сярод іх – прыёмшчыца заказаў Камарынскага ўчастка Валянціна Белаус. Дарэчы, яе прозвішча занесена на Дошку гонару РВУП “Гомельаблгаз”. Умела і кваліфікавана вырашаюць пастаўленыя задачы і майстар аварыйнай службы Сяргей Барысенка, слесар унутрыдамавога газавага  абслугоўвання Ігар Цалуйка, слесар аварыйных работ Сяргей Краўчанка, вадзіцель аварыйнага паста Аляксандр Агурцоў і інш. Каб ісці ў нагу з часам, працаваць з любым сучасным абсталяваннем, спецыялісты цэха павышаюць кваліфікацыю і майстэрства ў час вучобы і на курсах.


Трэба адзначыць, супрацоўнікі прадпрыемства не толькі з поспехам спраўляюцца з пастаўленымі прафесійнымі задачамі, але і знаходзяць час праявіць сябе як спартсмены і артысты. 


У галіновых спаборніцтвах па валейболе, футболе, мнагабор’і і  інш. часта займаюць  прызавыя месцы.  У ліку актыўных удзельнікаў – Аляксандр Змітровіч, Вячаслаў Логінаў, Ігар Цалуйка і інш. Ёсць дасягненні і ў мастацкай самадзейнасці. Так, акрамя перамог у  абласных аглядах-конкурсах, у  рэспубліканскім  заваявалі шостае месца. А за тым, каб калегі з карысцю праводзілі вольны час, сочаць прадстаўнікі прафсаюза.  Нядаўна, напрыклад,  была арганізавана экскурсія ў Кіеў. 


Зладжаны, працалюбівы калектыў са сваімі традыцыямі і ўстоямі сустракае свята ў добрым настроі. І мы ўпэўнены, што іх высокі прафесіяналізм і вернасць справе будуць спрыяць паспяховаму вырашэнню асноўнай задачы – несці людзям цяпло і камфорт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *