ФЛІКЕР ПАВІНЕН СТАЦЬ НОРМАЙ

Грамадства

Старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Лявоненка і старшы інспектар ІСН Алена Катлабай уручылі  першакласнікам   святлоадбівальныя элементы.


Завяршаеца рэспубліканская акцыя “Увага – дзеці”, у час якой супрацоўнікі ДАІ правялі прафілактычныя гутаркі ў школах раёна, вучням яшчэ раз нагадалі аб неабходнасці выконваць правілы дарожнага руху. Акрамя гэтага ва ўсіх установах адукацыі з 3 па 9 верасня быў аб’яўлены “Тыдзень бяспекі”.


А ў чацвер супрацоўнікі міліцыі наведаліся да першакласнікаў Буркоўскай і Мікуліцкай СШ. Яны ўручылі юным пешаходам флікеры і растлумачылі, навошта яны патрэбны. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама атрымалі маляўнічыя бланкі для раскладу заняткаў у школе з правіламі паводзінаў на праезднай частцы.


Дарэчы, флікер дае рэальную магчымасць сёння  зберагчы дзіця ад траўмы на неасветленай дарозе. Асабліва неабходны ён жыхарам вёсак, бо, як вядома, не на ўсіх сельскіх вуліцах ёсць тратуары.  Святлоадбівальныя значкі або стужкі можна прымацаваць да рукзакоў, куртак ці абутку. Яны адлюструюць святло аўтамабіля і дапамогуць вадзіцелю лепш  убачыць пешахода ў цёмны час сутак. Адлегласць, на якой чалавек становіцца прыкметным, павялічваецца з 25-30 метраў да 130-140 (з блізкім святлом фар) ці да 400 метраў (з далёкім святлом). Таму нашэнне флікера павінна стаць нормай для кожнага.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *