ГАЛОЎНЫ ПЕДСАВЕТ ГОДА

Грамадства

Кожны год у апошнія дні жніўня ў раёне праводзіцца традыцыйная нарада настаўнікаў, якая задае дынамічны імпульс школьнаму ўдасканальванню. Яе галоўная задача — асэнсаванне зробленага, вызначэнне адукацыйных праблем і пошук шляхоў іх вырашэння,  пастаноўка задач на новы навучальны год.  Чарговы галоўны педагагічны савет адбыўся ў мінулую сераду ў раённым Доме культуры.  На ім выступіла намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ганна Бабрынёва. “Якасная адукацыя — гэта тая мэта, дасягненне якой павінна аб’ядноўваць усіх: вучняў, бацькоў, органы ўпраўлення і педагогаў, — адзначыла яна. — Шляхоў да  яе шмат. І кожны кіраўнік, калектыў павінны  выбіраць свой, найбольш эфектыўны з іх пункту гледжання. Прыярытэтным накірункам  павінен заставацца рост прафесіяналізму, які з’яўляецца  важнейшым  складальнікам  якаснай адукацыі.  Галоўнае ў прафесіі педагога — выхаванне асобы, якая з’яўляецца гарантам удасканальвання любога грамадства. Неабходна кансалідаваць намаганні і прафесіяналізм  кіраўніцкіх і педагагічных кадраў, захоўваць выканальніцкую дысцыпліну, забяспечваць магчымасць палёту творчасці работнікаў, жадання і імкнення зрабіць гэту галіну больш аўтарытэтнай”.


Ганна Мікалаеўна пажадала прысутным, каб наступаючы навучальны год прынёс новыя надзеі, адкрыў шляхі для іх рэалізацыі, дазволіў ажыццявіць усе ідэі.  “Вельмі хочацца, каб маладыя педагогі ніколі не пашкадавалі аб сваім выбары, каб дастойна неслі велічнае імя настаўніка”, — адзначыла яна.


З дакладам і аналізам дзейнасці за мінулы навучальны год звярнуўся да ўдзельнікаў нарады начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Калясан. Цудоўным дапаўненнем да сказанага  сталі выступленні педагогаў, вучняў. З увагай і цікавасцю паслухалі прысутныя і настаяцеля Свята-Мікольскай царквы райцэнтра Ігара Кніжонка. Шчыра  падзякавала за працу вопытным педагогам і асабліва — ветэранам старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі  Таццяна Лаханская, уручыўшы каштоўныя падарункі.



Канферэнцыя прайшла на адным дыханні.  Не сакрэт, што сучаснаму грамадству патрэбны асобы творчыя, адказныя, ініцыятыўныя і прадпрымальныя, здольныя самастойна прымаць рашэнні. Радуе, што нямала педагогаў раёна не толькі вызначаюцца гэтымі якасцямі, але і здольныя на высокім узроўні іх перадаваць вучням.


З цёплымі словамі  звярнулася да прысутных і вядучы інспектар упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Галіна Маёрава.


Найбольш урачыстым момантам мерапрыемства стала ўручэнне ўзнагарод тым, хто не ўяўляе свайго лёсу без дзяцей, штодзённа адчувае радасць, калі дораць часцінкі сардэчнай цеплыні, перажываючы, нібыта свае, і поспехі, і няўдачы сваіх вучняў.



У краіне на самым высокім узроўні адзначаецца, што сёння галоўнае ў сферы адукацыі — павышэнне яе якасці, абнаўленне зместу на аснове сучасных навуковых ведаў, рост эфектыўнасці работы навучальных устаноў і кожнага настаўніка. Выкананне пастаўленых задач – галоўная мэта педагогаў раёна.


Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *