…І ВОДАР ДУМАК, СУГУЧНЫХ УЛАСНЫМ

Праздники и будни

Што ні гаварыце, а прадстаўнікам гэтай прафесіі  сапраўды пашчасціла: большую палову свайго жыцця яны праводзяць сярод кніг, якія, нібыта чараўнікі, завабліваць таямнічасцю, прымушаюць перажываць разнастайныя па сіле пачуцці,  успрымаць надрукаванае душой і сэрцам. Але цікава: якія з гэтага мноства бібліятэкары лічаць невычэрпнай крыніцай мудрасці, адносяць да найбольш каштоўных, могуць назваць сваімі любімымі? У чым бачыцца, на іх погляд, веліч і магутнасць мастацкага слова?  Як прыйшлі ў прафесію, дзе патрэбна быць своеасаблівым компасам у акіяне літаратуры?


Сёння мы даём слова паважаным бібліятэкарам.


Валянціна БОНДАР,
Сялецкая бібліятэка:


–Кім толькі не марыла быць у дзяцінстве: і настаўнікам, і юрыстам, і ўрачом… А атрымалася, што ўсе гэтыя прафесіі сумясціла ў адной, бо справа бібліятэкара, як потым упэўнілася, зусім не абмяжоўваецца адной выдачай кніг. Да яго на сяле ідуць як да чалавека адукаванага, начытанага, неабыякавага да чужых праблем. Звяртаюцца, каб атрымаць слушную параду, кансультацыю, маральную падтрымку,  падзяліцца набалелым, знайсці ўпэўненасць і спакой. Роля бібліятэкі ў вёсцы ўзрастае, на мой погляд, менавіта як духоўнага цэнтра.


Хаця сама я з  трапяткім пачуццём з дзяцінства адносілася да кніг. Памятаю, як некалі каля нашага дома спынілася машына – тэхнічная паломка не дазволіла давезці мастацкую літаратуру да бібліятэкі, і ўсе новенькія кнігі знайшлі часовы прытулак у нас. Маё першае ўражанне было: “Які прыемны ад іх зыходзіць пах!”


А вось першым знаёмствам з літаратурнай скарбонкай стала казка “Тры парасяці”, якую прачытала мне маці. З таго часу кнігі заўсёды былі побач са мной. Не магла адарвацца ад чытання, нават калі маці ўжо ў які раз адпраўляла класціся спаць: умудралася асвятляць друкаваныя радкі пад коўдрай ліхтарыкам.


На кожным жыццёвым этапе былі свае літаратурныя сімпатыі. Моцнае ўражанне ў маладосці, напрыклад, аказаў на мяне раман Мікалая Астроўскага “Як загартоўвалася сталь”, у больш сталым – кніга Валерыя Сінельнікава “Палюбі сваю хваробу”, якая нават прымусіла па-іншаму зірнуць на свет, навучыла лепш разумець людзей.


Зараз жа больш звяртаюся да перыядычных выданняў. Заўважаю, што і мае чытачы аддаюць перавагу часопісам і газетам, жадаючы ведаць, што адбываецца ў раёне, вобласці, краіне, свеце – сучаснік хоча валодаць праўдзівай, дакладнай  інфармацыяй.


Адносіны да кніг з прыходам тэхнічнага прагрэсу, безумоўна, змяніліся. Але тыя, хто іх любіць, наўрад ці адчуе большую асалоду ад уздзеяння камп’ютара ці тэлевізара. Таленавітыя аўтары па-ранейшаму знаходзяць сваіх прыхільнікаў. Узяць бы, для прыкладу, раманы Наталлі Батраковай, на якія нават у нашай вясковай бібліятэцы не так даўно назіраліся чэргі.
За ўсё сваё жыццё я ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта гэтую прафесію: у бібліятэцы, як заўважаюць многія, асаблівая энергетыка. Магчыма, таму на работу заўсёды іду з радасцю, сумую па ёй у час водпуску. І часта прыгадваю словы Максіма Горкага, які сцвярджаў, што ўсяму добраму чалавек абавязаны кнігам. Як з гэтым не пагадзіцца?..


Аліна ЕФІМЕНКА, 
аддзел  камплектавання і апрацоўкі:


–Кніга для любога чалавека  – гэта шлях да ведаў, яго інтэлектуальнага росту. А ў нас шмат цікавых, добрых, мудрых кніг, што адчыняюць акно ў свет глыбокіх  пачуццяў і перажыванняў, таямніцы чалавечай душы. Такія не захапіць не могуць.
Асабіста я люблю творы, што адлюстроўваюць праўду мінулага: чым жылі нашы папярэднікі, як раскрываліся ў суровых выпрабаваннях іх характары, з чым звязвалі свае надзеі, планы, мары… Удала паказалі гэта, на мой погляд,  Васіль Быкаў, Іван Мележ, Іван Шамякін, Ніл Гілевіч, іншыя вядомыя беларускія майстры слова. Так што раю ўсім: чытайце класіку!


Зразумела, што сёння ўжо нікога не здзівіш электроннымі бібліятэкамі, шмат інфармацыі можна ўзяць праз інтэрнэт. Але ж, па-мойму, камп’ютар і кніга павінны разумна спалучацца.


Як гэта ні дзіўна, але пра бібліятэкарскую справу я нават ніколі не марыла. Ды выпадковы выбар не стаў для мяне памылковым: прафесію палюбіла і працую з задавальненнем. Ужо пяць год. Сёлета, дарэчы, закончыла Магілёўскі дзяржаўны  бібліятэчны каледж імя Аляксандра Пушкіна.


Надзея КОЦУР,
Малейкаўская бібліятэка:


–Самаю шчасліваю парою свайго жыцця лічу гады юнацтва, час навучання ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, пасля заканчэння якога прыйшла працаваць у Малейкі. І вось ужо 27 год, як застаюся вернай бібліятэкарскай справе, ганаруся сваёй прафесіяй і іншай для сябе не ўяўляю. Людзі і кнігі сталі часткай майго жыцця. Добра ведаю характары і заняткі, густы і інтарэсы сваіх чытачоў, таму працаваць з імі лёгка і цікава.


Лічу, што ў кожнага чалавека з кнігай у жыцці праходзіць нешта добрае і светлае. І як бы імкліва ні рухаўся тэхнічны прагрэс, які б поспех ні заваёўвалі тэлебачанне, відэа ці камп’ютары, друкаванае слова, на мой погляд, не заменіць нішто. Таму так хочацца, каб у Год кнігі да лепшых узораў мастацкай літаратуры дакранулася як мага больш людзей. З гэтай мэтай у нашай бібліятэцы ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку і для дзяцей.


Што ж датычыць маіх любімых аўтараў, то на больш высокую прыступку я заўсёды стаўлю раманы і аповесці  Івана Шамякіна, перачытваю іх і дагэтуль.


Ала ШАЎЧЭНКА,
Сцежаранская бібліятэка:


–З замежнай літаратурай усё-такі не пасябравала – больш бяруць за жывое творы айчынных класікаў. Напэўна, таму што ў іх аснове – такое роднае, блізкае і знаёмае, асабліва для тых, хто нарадзіўся і жыве на сяле. Бяруць у палон сюжэты, у аснову якіх пакладзена тэма вёскі, яе мінулага і сучаснага, спрадвечных сялянскіх турбот і клопатаў.  Відаць, хочацца адчуць водар думак, сугучных уласным. 
Як бібліятэкару мне вельмі прыемна, што ў Беларусі на самым высокім дзяржаўным узроўні ўдзяляецца ўвага папулярызацыі кнігі.  Чытанне прымушае чалавека разважаць,  аналізаваць і думаць. Прычым у розныя перыяды жыцця кнігі вядомых пісьменнікаў успрымаюцца па-новаму – у гэтым упэўнілася сама. Так што паспрабуйце яшчэ раз перагарнуць прачытаныя раней старонкі, каб адкрыць для сябе свет літаратуры ў больш яркіх, насычаных фарбах. Не пашкадуеце.


Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *