МАМА, ЗАБЯРЫ МЯНЕ ДАМОЎ

Грамадства

Прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама робяць усё, каб гэтыя словы не сталі штодзённай дзіцячай малітвай. На днях у сям’ю вернута трое дзяцей.


Дзвюх дзяўчынак і хлопчыка ў грамадзянкі П. адабралі пяць месяцаў назад.  Многія “мамашы” ў  такім выпадку працягваюць злоўжываць алкаголем, весці амаральны лад жыцця, магчыма, нават радуючыся, што атрымалі “свабоду ў дзеяннях”. Але наша гераіня пайшла іншым шляхам – пачала наладжваць быт, забылася пра спіртное.


Удзельнікі камісіі доказы выпраўлення маладой жанчыны вывучалі вельмі дбайна, уважліва выслухалі прадстаўнікоў аддзела адукацыі і школы. Усе адзначылі,  што маці   ўсвядоміла сур’ёзнасць справы і змянілася ў лепшы бок.  Сама яна была не шматслоўнай. Адзінае, што паабяцала, стаць для дзяцей самай добрай і клапатлівай у свеце, бо  не ўяўляе без іх сваё далейшае жыццё. Будзем спадзявацца, што гісторыя гэта будзе мець шчаслівы працяг.


Але, на жаль, у раёне яшчэ шмат нядбайных  жанчын, якія не могуць з гонарам насіць званне маці, бо ў нейкі момант іх дзеці сталі ім не патрэбны. Між тым яны знаходзяць час для п’янак і бурнага асабістага жыцця. Нярэдка распіваюць спіртныя напоі на вачах непаўналетніх, якія міжволі становяцца сведкамі нецэнзурных выказванняў, скандалаў, боек. Часцяком гора-матулі  пакідаюць дзяцей дома не толькі са сваякамі,  але і з малазнаёмымі людзьмі, а то і зусім адных. Да якіх гэта можа прывесці наступстваў –  страшна падумаць.


Для такіх бацькоў важнай жыццёвай каштоўнасцю з’яўляецца зусім не сям’я. Менавіта таму не пустуе Асарэвіцкі дзіцячы сацыяльны  прытулак. Сёння там жывуць восем хлопчыкаў і дзяўчынак. Але яны шчыра вераць, што мамы і таты іх любяць і хутка забяруць дамоў…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *