НАДЗЕЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

Сельское хозяйство

Здаецца, і тэхнікі ў гаспадарках хапае, прычым рознай, але  ж ад дапамогі партнёраў па аграпрамысловым комплексе сельскія працаўнікі не адмаўляюцца. Фронт палявых работ вялікі, і ўсе неабходна выконваць у лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Механізаваны атрад ААТ “Брагінаграсэрвіс” і ствараўся для таго, каб аказваць розныя паслугі.

У ім некалькі звёнаў, зараз адно з іх занята ўнясеннем і вывазкай арганікі. Укамплектавана пагрузчыкам ТО-18, на якім працуе Васіль Хлебін, і некалькімі раскідвальнікамі, якія эксплуатуюць Дзмітрый Паўленка, Аляксандр Гардзіенка, Аляксандр Шуленка і Дзмітрый Дзялец. Пра іх, як і пра астатніх механізатараў, начальнік вытворчага падраздзялення  Мікалай Давыдзенка гаварыў з павагай. Правераная ў рабоце гвардыя, надзейная і дысцыплінаваная.



Вапнаваннем глебы заняты Анатоль Шубянок, Мікалай Хінчынскі, Віктар Марчанка, калі патрэбна, далучаюцца Аляксандр Шуленка і Дзмітрый Паўленка. Дастаўляюць мінеральныя ўгнаенні, даламітавую муку Аляксандр Новік, Мікалай Катэба, Пётр Арцюшэнка, Уладзімір Кацуба. Ёсць у мехатрадзе чалавек, без якога не абысціся на сельгасвытворчасці, дакладней, без яго пагрузчыка “Амкадор”. Гэта Андрэй Карсак, які сёння абслугоўвае тэхніку ААТ “Брагінаграсэрвіс”, заўтра – КСУПаў. Сяргей Ларчанка на сваім энерганасычаным трактары ўнёс уклад у  ачыстку ферм, знос старых будынкаў, добраўпарадкаванне тэрыторый. Касілка-плюшчылка ў руках Анатоля Літвіненкі  не сціхае да гэтага часу, бо нарыхтоўка кармоў працягваецца.



Прозвішча Хінчынскага ў час размовы называлася не адзін раз, заняты ён на розных работах. Ды і новы трактар МТЗ-1221, які купілі сёлета за свае грошы, даручылі менавіта яму. Працуе тэхніка партнёраў на гаруча-змазачных матэрыялах тых  гаспадарак,  у  якіх  задзейнічана. Праблемы пры ўзаемаразліках узнікаюць, але на гэтым не засяроджваюцца. Існавалі яны і раней, а калі надышоў час сеяць або ўбіраць ураджай, партнёры выязджаюць у поле па першай просьбе вяскоўцаў.  Працуюць сумленна, каб не выклікаць нараканняў. Для іх, як і для сваіх механізатараў, арганізавалі  гарачае харчаванне. Мікалай Марчанка з памочнікам Паўлам Філатавым на КЗС-12 вядуць уборку кукурузы на зерне ў “Чамярыскім”. У ААТ “Брагінаграсэрвіс” працуе брат Мікалая, Віктар, але не на камбайне, а на трактары Т-170. Ёсць дынастыі, што сведчыць аб аўтарытэце прадпрыемства. У мехдвары мы сустрэлі маладых механізатараў, якія раней працавалі на перыферыі, але потым перайшлі сюды, бо, на іх погляд, у адкрытым акцыянерным таварыстве лепш. Гэта іх права, хлопцы нядрэнныя, а такім справа заўсёды знойдзецца.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *