ПРАЦОЎНАЯ ТЭРАПІЯ ЯК МЕТАД ЛЯЧЭННЯ АД АЛКАГАЛІЗМУ

Территория закона

На выязным судовым пасяджэнні, якое прайшло на мінулым тыдні ў Малажыне, было вынесена рашэнне аб накіраванні жыхара Бераснёўкі ў лячэбна-працоўны прафілакторый.


Слухаючы суддзю Марыю Гаўрыленку, якая пералічвала былыя “заслугі”  Генадзя Казлоўскага, той сядзеў, апусціўшы галаву.  Перад кім было сорамна мужчыну, невядома. Перад самім сабой ці перад сваімі сябрамі (на выгляд – сабутыльнікамі), якія час ад часу спрабавалі сказаць слова ў абарону таварыша?  А, магчыма, ён абдумваў свае паводзіны, далёкія ад ідэальных, якія ў чарговы раз прывялі ў ЛПП?


Казлоўскі – асоба абавязаная. Гэта значыць, што аднойчы згодна з Дэкрэтам №18 у яго адабралі чацвярых дзяцей, і сёння ён павінен кампенсаваць дзяржаве сродкі, затрачаныя на ўтрыманне непаўналетніх (запазычанасць – каля васьмі мільёнаў рублёў). Працаваў мужчына ў паляводчай брыгадзе КСУП “Малажынскі”, але справа была не па душы. Куды больш цікавей –  узяць пляшку ды пасядзець з сябрамі, пагутарыць пра жыццё-быццё. А каб ніхто не турбаваў, Генадзь ішоў на хітрасць. На дзверы навесіць замок, нібыта дома нікога няма, а сам праз адчыненае акно – назад у хату і на гарышча, дзе спакойна дзень адпачывае. Калі супрацоўнікі міліцыі разгадалі яго сакрэт, мужчына не разгубіўся і выйсце знайшоў хутка: абсталяваў сабе месца часовага прытулку ў зарасніку каля дома. У выніку сістэматычнага нявыхаду на працу ўтварыліся прагулы, за якія Казлоўскі, згодна з Крымінальным кодэксам, быў асуджаны да 100 гадзін грамадскіх работ.


У лік абавязаных жыхар Бераснёўкі трапіў, вядома ж, з-за любові да спіртнога. Усё яна, гарэлачка, вінавата. І ў тым, што пазбаўлены бацькоўскіх правоў, і ў тым, што дзеці, якія жывуць у сям’і (а іх трое), вымушаны  ўцякаць  з  хаты  ад  раз’юшанага бацькі, і ў тым, што сам з’яўляецца частым госцем РАУС, бо жонка вымушана выклікаць міліцыю, калі мужчына пачынае дэбашырыць… Дарэчы, праблемы з законам мае і адзін з сыноў Генадзя.  Калі юнак здзейсніў крадзеж металічных слупоў, супрацоўнікам міліцыі давялося шукаць яго аж у Маскве.  Сёння малады чалавек набывае спецыяльнасць у Хойніцкім ПТВ-183, стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.


Не раз прадстаўнікі праваахоўных органаў вялі прафілактычныя гутаркі з гора-бацькам, прасілі, патрабавалі, папярэджвалі… Але станоўчага выніку так і не дачакаліся. Мужчына працягваў паводзіць сябе абуральна, і ў гэтым годзе ўжо чатыры разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства, распіццё спіртнога і з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы.


Раней Генадзь спрабаваў лячыцца ад алкагольнай залежнасці – не дапамагло. Напэўна, асаблівага жадання  пазбавіцца ад згубнай звычкі не было. Таму нядаўна медыкі паставілі яму  дыягназ:  хранічны алкагалізм.  А раённы аддзел унутраных спраў вымушаны быў звярнуцца ў суд з хадайніцтвам аб ізаляванні мужчыны ад грамадства і накіраванні яго ў лячэбна-працоўны  прафілакторый. Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання прашэнне падтрымаў.


Улічваючы ўсе абставіны, суддзя вынесла рашэнне накіраваць Генадзя Казлоўскага. у ЛПП тэрмінам на 12 месяцаў. Ужо ў трэці раз мужчына будзе праходзіць курс працоўнай тэрапіі. Ці дапаможа?..


Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *