Роля лідара – не апошняя

Грамадства

У сераду, 12 верасня, адбыўся пленум Брагінскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.


Справаздачны даклад аб дзейнасці арганізацыі за 2010-2012 гады зрабіла старшыня райкама прафсаюза Алена Уласенка. Яна падкрэсліла, што за гэты перыяд удасканальвалася не толькі прававая база дзейнасці галіны, але і  сістэмы калектыўна-дагаворных адносінаў,  у першую чаргу – па пытаннях кантрактнай формы найма. Па ініцыятыве  прафсаюза ў галіновыя пагадненні ўключаны гарантыі для асоб перадпенсійнага ўзросту, маладых спецыялістаў, жанчын, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, цяжарных, сямей з адным кармільцам.


У Брагінскі райкам прафсаюза работнікаў культуры ўваходзяць пяць арганізацый: “Брагінкінавідэасетка”, ГУ “Рэдакцыя газеты “Маяк Палесся”, цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа і самі клубныя работнікі. Колькасны склад (202 члены прафсаюза) за справаздачны перыяд не мяняўся, ахоп – стопрацэнтны.


Пасля выбарчай канферэнцыі на пасяджэннях прафкама разгледжана больш за 40 пытанняў, асноўныя з якіх – ажыццяўленне грамадскага кантролю за захаваннем наймальнікам заканадаўства аб працы пры афармленні працоўных адносін з маладымі спецыялістамі, па ўліку і выкарыстанні рабочага часу, стварэнні бяспечных умоў працы, аплаты і стымулявання. Разумеючы, якая роля адводзіцца ў калектыве актывістам, райкам удзяляе ўвагу іх падрыхтоўцы. На абласным узроўні навучаліся чатыры грамадскія інспектары, а бухгалтары і старшыні камітэтаў наведвалі семінары. Вучоба прафсаюзных лідараў праходзіла і на мясцовым узроўні.


Няма ў арганізацыі больш адказнай задачы, чым ахова працы, жыцця і здароўя людзей. Менавіта пагэтаму актывізавалі сваю дзейнасць грамадская камісія, інспектары. Імі праведзена 47 праверак, выяўлена 8 парушэнняў заканадаўства, выдана 12 рэкамендацый.


Важна стварыць у калектывах здаровы маральна-псіхалагічны клімат, арганізаваць вольны час. Прафсаюз займаецца культурна-масавай дзейнасцю, як потым адзначаць выступаючыя, даволі паспяхова.  Сталі добрай традыцыяй правядзенні Дня маці, прафесійных святаў, шанаванне ветэранаў. Матэрыяльная падтрымка выплачваецца членам прафсаюза ў сувязі з выхадам на пенсію, да 50-гадовага юбілею, вяселля і інш.


Пасля справаздачы рэвізійнай камісіі першым слова ўзяў старшыня прафкама Брагінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Павел Камагураў, які расказаў пра цікавае спартыўнае жыццё, міжнароднае супрацоўніцтва ў правядзенні сумесных мерапрыемстваў, прымеркаваных да памятных дат і падзей.


Прысутныя адзначылі цесную сувязь прафсаюзаў са сродкамі масавай інфармацыі, ролю лідара ў наладжванні экскурсій, паездак, сустрэч, турніраў і г.д. Алена Уласенка валодае добрымі арганізатарскімі  здольнасцямі, умее захапіць цікавай ідэяй, ажыццявіць задуманае. Пра гэта гаварыла і начальнік аддзела культуры Ліна Пятніцкая. Дзе толькі не пабывалі яны за гэты час! А ў лістападзе плануюць паехаць у Нясвіж.


У рабоце пленума прынялі ўдзел і выступілі юрыст Васіль Дзямчыхін і працоўны арбітр па Гомельскай вобласці Наталля Сакалова. У каго былі да іх пытанні, змаглі атрымаць кансультацыю, пагутарыць, абмяняцца думкамі.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *