У “ГАРАЧЫМ” АСАРТЫМЕНЦЕ…

Грамадства

Апошнія сонечныя дзянькі хутка зменяцца дажджамі і слотай, а там – першыя замаразкі, сцюдзёныя вечары, і так захочацца ў непагадзь цеплыні. Дбайныя гаспадары загадзя клапоцяцца аб тым, каб не замерзнуць у халоднае надвор’е.


Трактарыст Брагінскага філіяла КУП “Гомельаблпаліва” Мікалай Шаставец у дзень нашай сустрэчы якраз садзіўся за руль, каб прывезці з лесу чарговую партыю дроў. На месцы іх пілуюць,  колюць, а потым дастаўляюць па адпаведных адрасах. Так што за дзень, як правіла,  даводзіцца “наматваць” на “Беларусе” кіламетраў каля двухсот і вяртацца дамоў, бывае, познім вечарам. Верасень – самы пік нарыхтоўкі паліва.


На роўных з Мікалаем Фёдаравічам шчыруюць трактарыст з 15-гадовым стажам Леанід Толмач і вадзіцель Алег Нікіцін, адзначаны сёлета за добрасумленную працу Ганаровай граматай прадпрыемства.  Адны з самых добрасумленных і адказных, па словах кіраўніка Васіля Протчанкі, работнікаў.


Штомесяц да спажыўцоў супрацоўнікі філіяла дастаўляюць ад 150 да 250 м3 дроў і ад 200 да 250 тон брыкету. А ўсяго на першага верасня  рэалізавана насельніцтву і арганізацыям 2600 м3 і 1460 тон адпаведна. На 60% палівам забяспечаны ўстановы адукацыі, на 70% – культуры, да канца месяца цалкам будуць завезены дровы да ФАПаў. У ліку асноўных пастаўшчыкоў – Камарынскі і Хойніцкі лясгасы, ЗАТ “Мазырлес”, Хойніцкі торфабрыкетны завод.


Калі яшчэ нехта з жыхароў раёна не ведае цэнаў, то ў параўнанні з папярэднім годам яны некалькі ўзраслі: за тону брыкету давядзецца выкласці 136 тысяч рублёў, а за раўметр дроў – 32 тысячы. Плюс транспартныя паслугі з улікам адлегласці. Для жыхара Брагіна, напрыклад, дастаўка да домаўладання трох тон брыкету абыйдзецца ў 483 тысячы. Нормы водпуску, дарэчы, не змяніліся. Але, каб “гарачы” прадукт апынуўся ў вашым двары, давядзецца пачакаць – на пачатак бягучага тыдня ў чарзе на атрыманне брыкету налічвалася 35 чалавек, а дроў – больш за сто. І калі першы від паліва   рэальна  завезці  на працягу  пяці-шасці дзён, то  перыяд   чакання  другога  складзе ад аднаго  да трох месяцаў. У залежнасці ад таго, у якім выглядзе пакупнік жадае дровы  атрымаць і якім пародам аддае  перавагу.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *