У трэцюю нядзелю верасня прафесійнае свята адзначаюць работнікі лесу

Праздники и будни

Малюючы Беларусь,  напэўна,  кожны  згадаў бы два колеры: блакітны і зялёны. І не таму, што яны любімыя. Проста наша краіна – гэта рэкі і лугі,  азёры і лясы,  якія нікога не пакінуць абыякавым.


Лес на сёння адзін з найважнейшых прыродных рэсурсаў рэспублікі, фонд складае болей за 9,4 мільёна гектараў, або дзве пятых тэрыторыі. У нас растуць пераважна хвойныя пароды. Амаль чвэрць лясоў з’яўляюцца рукатворнымі,  бо  іх адмыслова разводзяць і высаджваюць лесаводы. Дзякуючы працы гэтых людзей, штогод прырастае каля 30 мільёнаў кубаметраў драўніны. На аднаго беларуса прыпадае 0,8 гектара пакрытых лесам зямель і болей за 160 кубаметраў драўніннага запасу. Гэта ўдвая вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень.


Захаванне, узнаўленне і памнажэнне лясных багаццяў – вось асноўнае прызначэнне прадпрыемстваў, чыя дзейнасць звязана з зялёным сябрам. Маецца на ўвазе ахова лесу ад пажараў, ад шкоднікаў, ад самавольных рубак, ад браканьераў  і, вядома ж, лесааднаўленне.  Адным з галоўных відаў дзейнасці з’яўляецца догляд. Чалавек не толькі карыстаецца, але і лечыць лес: праводзяцца санітарныя рубкі – высякаюцца хворыя дрэвы, сухастой. Займаюцца  таксама і гаспадарча-разліковай дзейнасцю, пацверджанне таму –перапрацоўчыя цахі.  А лес на землях Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка наогул  мае асобы статус.


Гэта толькі на першы, недасведчаны погляд здаецца, што праца  ў  лесе лёгкая,   нябрудная: маўляў, цэлы дзень на свежым паветры, на ўлонні прыроды. Насамрэч берагчы і вырошчваць лес — цяжка, складана.


У трэцюю нядзелю верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі лесу. Можна сказаць, што няпростая і важная праца людзей гэтай прафесіі  часта застаецца ў цені. І дарэмна, бо дзякуючы іх рабоце забяспечваюцца патрабаванні насельніцтва ў паліве, пастаўляецца дзелавая драўніна на ўнутраныя патрэбы, на экспарт.


Праца ў лесе не толькі даволі складаная, але і ў пэўнай меры небяспечная. Яна патрабуе ад кожнага рабочага высокай кваліфікацыі і дысцыпліны. Сапраўды, няма мяжы дасканаласці… На прадпрыемствах, звязаных з лясной гаспадаркай  працуе шмат добрасумленных, адказных работнікаў, сапраўдных прафесіяналаў. Адбываецца паступовая ратацыя кадраў, прыходзіць усё больш моладзі. Выпадковыя людзі тут доўга не  затрымліваюцца: без любові да роднай прыроды, да беларускага лесу працаваць нельга. А каб гэта любоў нараджалася і сталела разам з чалавекам, кожны год запрашаюць на лесапасадкі школьнікаў.


Упершыню ў раёне ў гэтым годзе праводзіўся конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў лесу. Права называцца лепшымі ў сваёй справе адстойвалі каманды ДЛГУ “Камарынскі лясгас” і Брагінскага ўчастка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва. Павіншаваўшы са святам, яна адзначыла, што конкурс прафесійнага майстэрства – добрая ідэя. Патрэбна пашыраць кола яго ўдзельнікаў і ў наступным годзе запрасіць больш каманд. Голоўнае ў кожнай прафесіі, кожнай спецыяльнасці  — каб яны прыносілі не толькі матэрыяльнае, але і маральнае задавальненне. Адна ідэя праводзіць такія спаборніцтвы многага вартая, — адзначыла Ганна Мікалаеўна, падзякаваўшы прысутным за іх неабыякавую пазіцыю.   


Звярнуліся да прысутных са словамі шчырага віншавання і старшыня Камарынскага пасялковага Савета Віктар Свіслоўскі, выконваючая абавязкі начальніка аддзела па справах моладзі Таццяна Грышан, выконваючы абавязкі першага сакратара ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Сяргей Даўгулявец, дырэктар Брагінскага ўчастка ПДРЭЗ Міхаіл Рубашчанка і  выконваючы абавязкі дырэктара ДЛГУ “Камарынскі лясгас” Іван Цімоўскі.


І вось ён, доўгачаканы момант. Пад фанфары пачынаецца конкурс. Ён няпросты, каманды павінны прайсці пяць этапаў: раскрыжоўка камбінаваным рэзам, дакладная раскрыжоўка, абрэзка сукоў, эстафета, баявое разгортванне пажарнага разліку. Да спецыяльных конкурсаў дадаліся спартыўныя: мацнейшых вызначалі ў падыманні гіры і валейболе. Па выніках лепшай стала каманда ДЛГУ “Камарынскі лясгас”. Пераможцам уручаюцца каштоўныя прызы, граматы. Ініцыятары мерапрыемства – аддзел па справах моладзі райвыканкама  і раённы камітэт ГА “БРСМ” асаблівую падзяку выказалі Сяргею Сарычаву, інжынеру па ахове працы ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, які зрабіў вялікі ўклад у арганізацыю мерапрыемства і ўзначальваў судзейскую калегію.


Гэтымі восеньскімі днямі ў лесе надзвычай хораша і прыгожа. Але так бывае не заўсёды. Як кажуць, для лесніка няма добрага надвор’я: летам — спякота і не даюць спакою камары і машкара, зімой — халодна і перашкаджае снег, восенню і вясною настрой псуюць дрэнныя дарогі. І няма калі  любавацца прыродай, ім трэба працаваць. Гудзе піла, падаюць долу зрэзаныя дрэвы, распільваюцца ствалы, пасля чаго драўніна грузіцца і вывозіцца. Карацей, робіцца тая няпростая паўсядзённая работа, якая сплюсуецца ў кубаметры нарыхтаванай драўніны, маладыя лясы, прыгожыя краявіды.


Галіна ШАЎЧЭНКА


Фотаздымкі тут





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *