ВЕСЯЛІЛІСЯ, СПЯВАЛІ, УЗГАДВАЛІ МІНУЛАЕ

Грамадства

“Зямля, на якой вы нарадзіліся і жывяце, належала продкам. Цяпер яна ваша, потым пяройдзе да нашчадкаў. І так будзе бясконца. Кожная сцяжынка знаёмая тут  з дзяцінства, і няма нічога найбольш ганаровага, чым працаваць на ёй, аддаваць сваю любоў, радавацца плёну ўмелых рук”, – з такімі словамі звярнулася да жыхароў Малеек вядучая Любоў Дубатдзел. Яны ўжо засумавалі без такіх мерапрыемстваў, таму не прамінулі магчымасці сабрацца разам і парадавацца за родную вёску, землякоў, узгадаць найбольш памятныя і значныя даты.

Шчыра вітала вяскоўцаў старшыня Малейкаўскага выканаўчага камітэта Ксенія Раманюк. Яна адзначыла прозвішчы гаспадароў, чые сядзібы ўтрымліваюцца ў чысціні, вабяць прыгажосцю. Іх называюць дамамі ўзорнага парадку, а належаць яны Ніне Краўчанцы, Яўгеніі Краўчанцы і Глафіры Лук’янавай. Гэтым руплівым жанчынам, акрамя падзякі, дасталіся і падарункі.


Кожная вёска багата сваёй гісторыяй, культурнымі каштоўнасцямі. Гістарычны шлях Малеек таксама быў няпросты. У другой палове IX – пачатку XX стагоддзя яны ўзгадваюцца ў царкоўных дакументах пры пераліку населеных пунктаў  Сялецкага праваслаўнага прыхода. Згодна з перапісам 1897 года, налічвалася 55 двароў, 354 жыхары, працаваў хлебанарыхтоўчы магазін. У 1909-м – 56 двароў, 383 жыхары. У 1930-м адкрыўся крухмальны завод.


Без памяці ні чалавек як асоба,   ні  грамадства  ў  цэлым  існаваць   не  могуць.  Кожны  грамадзянін імкнецца захаваць часцінку мінулага, каб аб ім расказаць нашчадкам. На свяце ўзгадалі найстарэйшую жанчыну Малеек, ветэрана працы Ніну Савельеўну Лемех, 1919 года нараджэння. Для яе падрыхтавалі  падарунак, у яе гонар, а таксама ў гонар тых, хто працаваў у тую пару, не ведаючы стомы, гучалі песні.


Ішлі гады, наладжвалася жыццё, але прыйшла бяда, пачалася  Вялікая Айчынная вайна. Са жніўня 1941 па лістапад 1943 вёска была акупіравана ворагам. У тыле засталіся толькі жанчыны і дзеці, старыя. Яны аралі, сеялі, кіравалі, чакалі, плакалі… Мужчыны змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах. На жаль, у вёсцы ўжо не засталося ў жывых ніводнага ветэрана той страшнай вайны.


Аляксея Захаравіча Зубара разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі выезлі на прымусовыя работы ў Германію. На долю непаўналетняга вязна выпала шмат гора і слёз. Пасля вызвалення ўсе гады працаваў у калгасе, вырасціў дваіх дзяцей. Яго таксама не абмінулі ўвагай, падрыхтавалі і падарунак, і канцэртны нумар, каб у нейкай меры сагрэць сэрца чалавека, які зведаў на чужыне здзекі і пакуты.


Красавік 1986-га. Аварыя на ЧАЭС і новыя выпрабаванні, звязаныя з пересяленнем у чыстыя раёны. Вёска апусцела. Тым, хто  застаўся, прадстаяла наладжваць жыццё, развіваць вытворчасць і мацаваць эканоміку мясцовага калгаса.


З 2010-га Малейкі – аграгарадок, тут налічваецца 131 двор, пражывае 358 чалавек. У мінулым годзе пачалася газіфікацыя населенага пункта, ёсць магазін, сярэдняя школа, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, камбінат бытавога абслугоўвання, дзейнічаюць сельскі Дом культуры, бібліятэка. Па меры развіцця цывілізацыі, тэхнічнага прагрэсу сельскія жыхары асвойваюць новыя прафесіі. Шмат цудоўных людзей працавала тут. Адзін з іх – Іван Максімавіч Краўчанка, агульны стаж якога – 47 гадоў. Нядаўна ён адзначыў 80-годдзе з дня свайго нараджэння. Ніна Аляксандраўна Ігнаценка аддала прафесіі настаўніка 43 гады.  Яна па-ранейшаму ў страі, як і яе калега-ветэран Ала Міхайлаўна Брэль.


Шанавалі ў той дзень ветэранаў сельгасвытворчасці Мікалая Кацубу, Івана Бычка, Аляксея Зубара, Ганну Дзялец, Любоў Катлярэнку, Уладзіміра Кацубу, Глафіру Лук’янаву, жывёлаводаў Аляксея Дзядкова, Валянціну Боркіну. Механізатар на вёсцы – галоўная фігура. Без яго ні пасеяць, ні ўбраць ураджай. Шмат сілы, энергіі і часу аддаюць рабоце трактарысты і вадзіцелі Уладзімір Боркін, Мікалай Дарошчанка, Міхаіл Дарошчанка, Алег Цыбуля, Аляксандр Масціцкі, Васіль Боркін, Сяргей Боркін, Мікалай Бухавец, Аляксандр Бухавец. Не абмінулі ўвагай і спецыялістаў Тамару Хлебіну, Ларысу Дарошчанку, Сяргея Рака. Усіх, каго называла вядучая, адзначалі падарункамі, для іх спявалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і работнікі раённага Дома культуры.


Не ўсё мы ведаем пра юбілейныя даты і падзеі ў жыцці сваіх землякоў, суседзяў, таму з асаблівым пачуццём віншавалі сямейную пару Івана Алімпіевіча і Лідзію Васільеўну Дзялец, якія разам крочаць па жыцці 56 гадоў… Прыклад для пераймання пераканаўчы.


Шматдзетных сямей у вёсках няшмат. А вось Сяргей і Таццяна Міхаленкі цяжкасцей не пабаяліся. У іх трое дзяцей, як і ў Алега і Алены Цыбуляў. Няхай іхнія сыны і дочкі будуць шчаслівымі і радуюць сваіх бацькоў прыкладнымі паводзінамі, поспехамі ў вучобе. На свяце вёскі гаварылі і пра  юных жыхароў Малеек, які добра вучацца. Гэта Кацярына Масціцкая, Марыя Масціцкая, Ірына Боркіна, Вераніка Максімчык, Кірыл Філіпенка, Юля Бузько, Цімафей Міхаленка, Мікіта Міхаленка, Наталля Гаўрыленка.


Запрасілі на сцэну бацькоў маленькага хлопчыка, які нядаўна з’явіўся на свет. Гэта яму працягваць лепшыя традыцыі вёскі і свой род, быць гаспадаром на зямлі.


Была арганізавана выстава работ мясцовых майстрых, яна заўсёды выклікае захапленне сваёй непаўторнасцю. Здзівілі малейкаўцаў вырабамі з падручных матэрыялаў работнікі Сцежаранскага сельскага клуба Галіна Гаўрыленка і Ала Шаўчэнка. На працягу ўсяго мерапрыемства працавалі гандлёвыя рады, для дзяцей арганізавалі гульні і атракцыёны. Удзел у свяце вёскі прынялі таксама прадстаўнікі раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Усё ў гэты дзень   садзейнічала таму, каб людзі, якія шмат працуюць, змаглі адпачыць, атрымаць зарад бадзёрасці і добрага настрою.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *