З клопатам аб Будучым ураджаі

Сельское хозяйство

З заканчэннем жніва жняярку ў полі змяніў плуг, пачалася сяўба азімых. Прывычныя клопаты пра ўраджай, цяпер ужо будучага года, працягваюцца. У краіне рыхтуюцца да фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2012”, а сейбіты загортваюць у глебу адборнае насенне, каб было чаму парадавацца і ў 2013-м. Асабліва, калі землякі выйдуць у лік пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва.


Азімы рапс ужо пасеялі, адвялі яму плошчу ў 3500 гектараў. Найбольшую – у КСУП “Малажынскі” (740 гектараў), па 550 га зойме гэтая культура ў “Брагінскім” і “Чамярыскім”, крыху меншую (600 га) – у КСУП “Саўгас “Камарынскі”. Пасеяць не праблема, неабходна было ўлічыць памылкі гэтага года. Хаця і сабралі 7116 тон рапсу,  амаль удвая больш, чым у 2011-м, рэзервы выкарысталі не ўсе. Таму сёлета падышлі з большай адказнасцю да падрыхтоўкі плошчаў з мэтай знішчэння пустазелля, захавання  вільгаці, прадухілення  воднай  і ветранай эрозіі.


Гаспадаркі набылі элітнае насенне рапсу, пратруцілі яго. Хлебаробы “Чамярыскага”, напрыклад, аддаюць перавагу французскім гібрыдам. Адзін са спосабаў павышэння ўраджайнасці – апрацоўка пасеваў гербіцыдамі да ўсходаў, якую і запланавалі зрабіць.
План сяўбы азімых на зерне – 14 500 гектараў. Вядзецца яна ва  ўсіх  сельгаспрадпрыемствах, тым больш, што і надвор’е спрыяе.  Захаванне тэхналогіі вырошчвання збожжавых гарантуе высокія намалоты ўсіх культур.  А гэта – сяўба якасным насеннем не ніжэй другой рэпрадукцыі, унясенне гліфасатутрымліваючых прэпаратаў, мінеральных угнаенняў і, вядома, захаванне лепшых агратэхнічных тэрмінаў.


У раёне ёсць вопытныя спецыялісты, механізатары, а як папрацавалі яны на хлебны каравай будучага года, пакажа час. Вынікі работы іх будуць аналізавацца, гэта будзе пасля, а зараз хочацца пажадаць ім удачы і плёну ў працы.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *