Новых поспехаў табе, Наталля

Грамадства

 


 


 


 


 


 


 


 


 


Сённяшняя працоўная раніца пачалася для Наталлі Калясан, як і заўсёды, у шэсць гадзін. З той толькі розніцай, што кароў даіла не ў сваёй гаспадарцы, а ў КСУП “Оборона страны” Рэчыцкага раёна, дзе праходзіць абласны конкурс маладых аператараў машыннага даення. Спачатку ехаць туды адмаўлялася, і не таму, што не ўпэўнена ў сваіх сілах (прафесійнага майстэрства ў яе не адняць), а зусім па іншай прычыне: хвалявалася за сваю групу кароў. Хто ж падоіць яе рагуль? Працуе без выхадных і падмены, вытворчасці аддае ўсе сілы, і вельмі крыўдна будзе, калі за гэтыя два дні іх не так дагледзяць, страцяць малако. У кожнай жа свой нораў, толькі яна ведае, як падысці да іх. Але спецыялісты КСУП “Малажынскі” яе запэўнілі, што ўсё будзе добра. І падаіць, і накарміць своечасова будзе каму.


На Рытаўскай ферме Наталля – самая маладая. Нягледзячы на ўзрост, у жывёлагадоўлі занята больш дзесяці гадоў. Прыйшла сюды пасля заканчэння школы, выбар быў абумоўлены тым, што даяркай была яе маці, Валянціна Іванаўна, якая даіла кароў да выхаду на пенсію. Увогуле, бацькі дзяўчыны заслугоўваюць вялікай павагі за тое, што нарадзілі і выхавалі пяць сыноў і дачок, прывілі ім любоў да працы. Усе дзеці Калясанаў засталіся ў роднай гаспадарцы. Брат Аляксандр – слесар даільных установак на Малажынскім жывёлагадоўчым комплексе. Блізняты (а яны ў  сям’і нараджаліся двойчы) Наталля і Міхаіл выбралі для сябе прафесіі аператара машыннага даення і трактарыста. Вольга стала бухгалтарам, а Сяргей – механізатарам.


Партрэт Наталлі Калясан змешчаны на Дошцы гонару побач з іншымі працаўнікамі КСУП “Малажынскі”, якія ўдастоіліся такога гонару за сваё старанне, шчырасць і адданасць прафесіі. Наш раён на абласным конкурсе яна прадставіла годна, сам удзел у такіх мерапрыемствах дае імпульс да новых творчых дасягненняў, упэўненасць у сваіх сілах. Пераканалася ў тым, што гады нялёгкай працы прынеслі не толькі матэрыяльны дабрабыт, але і прызнанне.


Пажадаем жа Наталлі Калясан далейшых поспехаў, удачы, асабістага шчасця і моцнага здароўя. Ёсць у нашых вёсках цудоўныя дзяўчаты, якімі можна ганарыцца.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *