У НЯСПЫННЫМ РУХУ

Праздники и будни

Шырокія і вузкія, доўгія і кароткія… Усё наша жыццё расчэрчана дарогамі, што вядуць да родных, збліжаюць і раз’ядноўваюць, даюць магчымасць убачыць свет і атрымаць асалоду ад адчування поўнай свабоды. Своеасаблівы сімвал бясконцага руху. Аднак самыя важныя, добра знаёмыя кожнаму  – дарогі дадому, мясцовага значэння.  Менавіта за  такія ў адказе  ДЭУ-148, а гэта – каля  400 кіламетраў,  і  задача яго работнікаў  – падтрымліваць  свае  ўладанні  ў належным стане.


Толькі за дзевяць месяцаў бягучага года калектыў ажыццявіў ямачны рамонт 8600 квадратных метраў дарожнага палатна, паверхневую апрацоўку двух кіламетраў праезнай часткі ад Гарадзішча да Чырвонай Нівы, замяніў 251 дарожны знак, вызваліў ад кустарнікаў плошчу ў 59 400 м2, спілаваў 823 дрэвы, абнавіў гарызантальную разметку на адлегласці 92,2 кіламетра. Перавезена больш за 60 тысяч тон грузаў, у тым ліку шчэбеню, асфальтабетону, пяску і інш. Пры гэтым аднымі дарожнымі работамі клопаты супрацоўнікаў ДЭУ  не абмяжоўваюцца: каб трымацца на плаву, патрэбна пастаянна шукаць дадатковыя крыніцы прыбытку. Таму і прыходзяць на дапамогу іншым арганізацыям, становяцца ўдзельнікамі рэканструкцый, добраўпарадкавання іншых тэрыторый і аб’ектаў, прычым не толькі на тэрыторыі раёна. За сту-дзень-верасень, напрыклад, ад работ, выкананых уласнымі сіламі, атрымана 6 млрд 241 млн 156 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць склала 8,3%.


А з набліжэннем самай суровай пары года яшчэ дадаецца клопатаў, звязаных з сустрэчай снегападаў і маразоў. Ужо хоць сёння гатова выехаць па сваім назначэнні снегаўборачная тэхніка. Нарыхтавана 1635 тон пясчана-саляной сумясі. З сярэдзіны лістапада дарожнікі  прыступяць да ўстаноўкі 1100 сігнальных вех. Усё павінна быць своечасова падрыхтавана да бяспечнага руху пры неспрыяльных умовах надвор’я.


Ёсць пэўныя задумы і на наступны год. У планах – ажыццявіць капітальны рамонт моста на аўтадарозе Брагін – Холмеч, што абыдзецца ў 1 млрд 200 млн рублёў, бягучы рамонт дарог на суму 3 млрд 800 млн, а на іх добраўпарадкаванне, утрыманне ў належным стане накіраваць 4,5 мільярда. Працы хопіць усім.


Даўно прыкмечана, што добрыя дарогi – вiзiтная картка любога рэгiёна. Ад іх якасцi залежыць і прэстыж краiны, і бяспека вадзiцеляў i пешаходаў, і аператыўнасць грузавых, паса-жырскiх перавозак… Таму шчыра пажадаем усім, хто прысвяціў сваё жыццё дарожнай справе,  плённай работы, якая б не  прыносiла стамлення i заўсёды выклiкала ўдзячнасць акружаючых, гарантавала ўстойлівы пульс  транспартных артэрый.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *