УВАГА ЁСЦЬ. ЧАКАЕМ АДДАЧЫ

Грамадства

Сёлета ў наш раён  па размеркаванні пасля заканчэнння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прыбылі 85 маладых спецыялістаў. Сярод іх ёсць тыя, хто нарадзіўся і вырас тут, а ёсць, хто прыехаў да нас упершыню і толькі знаёміцца з Брагіншчынай. На мінулым тыдні ўсе яны сабраліся ў раённым Доме культуры.


Арганізатары сустрэчы – аддзел па справах моладзі і РК ГА “БРСМ” – віталі прыбыўшых у файе РДК. Каб мець поўныя звесткі аб кожным са спецыялістаў, ім прапанавалі запоўніць анкеты. Тут жа стаяла урна, куды можна было кінуць лісток з пытаннем, адрасаваным прадстаўнікам службаў ці непасрэдна кіраўніцтву раёна. А пачалося мерапрыемства з прагляду відэафільма, знятага супрацоўнікамі ККДУП “Брагінкінавідэасетка”. Дзякуючы яму моладзь атрымала асноўныя звесткі аб гісторыі Брагіна: з першага яго ўпамінання ў Іпацьеўскім летапісе да нашых дзён.


Свае віншаванні з пачаткам працоўнай дзейнасці і наказы юнакам і дзяўчатам адрасавала намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва. Яна выказала надзею, што праз некаторы час маладыя людзі прыкіпяць сэрцам  да нашага прыгожага краю і ён стане для іх другой малой радзімай. Ганна Мікалаеўна распавяла, чым сёння жыве Брагіншчына, аб яе дасягненнях, развіцці. Пры гэтым яна не абмінала вострыя моманты, пазначала праблемы, якія існуюць у раёне, даючы маладым людзям магчымасць усвядоміць, што зараз і ад іх працы залежыць агульны дабрабыт. Ганна Мікалаеўна падкрэсліла, што і ў Брагіне кожны можа знайсці шырокае поле для дзейнасці, але для гэтага  трэба праявіць ініцыятыву, творчасць, жаданне.


Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства, на працягу якой гучалі віншаванні і музычныя нумары, пачаўся “круглы стол”. Начальнікі аддзелаў райвыканкама, прадстаўнікі кадравых службаў і банка адказалі на надзённыя пытанні моладзі. Практычна ўсіх хвалявала адно і тое ж: забеспячэнне жыллём, пастаноўка на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў, ільготы, афармленне спажывецкіх крэдытаў, перавод на іншае месца працы… Дыялог з уладай працягваўся больш за дзве гадзіны, быў цікавы і змястоўны. Дадатковыя тлумачэнні па любых пытаннях і незразумелых пунктах заканадаўства можна атрымаць і ў іншыя дні, звярнуўшыся непасрэдна да кампетэнтных  спецыялістаў.


Вядома, што перспектывы развіцця любой галіны ці рэгіёна залежаць ад кадраў, ад іх прафесіяналізму, ступені захопленасці сваёй працай.  Моладзь, як правіла, яшчэ недастаткова вопытная, але поўная энтузіязму. І вельмі важна, каб яна была ўцягнута ў  грамадскую дзейнасць. Таму, падводзячы вынікі сустрэчы, Ганна Мікалаеўна яшчэ раз падкрэсліла, што кіраўніцтва раёна ўскладае вялікія надзеі на актыўны ўдзел юнакоў і дзяўчат у жыцці Брагіншчыны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *