А БУТЭЛЬКІ – ДЛЯ АНАЛІЗАЎ…

Грамадства

На мінулым тыдні ў чарговы раз мабільная група па праверцы працоўнай дысцыпліны, аховы працы, санітарнага і бытавога стану выязджала на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна. На гэты раз у поле зроку трапілі вытворчы ўчастак №1 г.п. Брагіна ААТ “Гомельаблаўтатранс”, установа “Брагінская ветлячэбніца” і ААТ “Брагінскі КБА”. Акцэнт рабіўся на праверку бяспекі працы і працоўнай дысцыпліны.


Ва ўсіх арганізацыях, якія наведала мабільная група, было выяўлена шмат недахопаў. Больш выгадна  выглядае Брагінскі камбінат бытавога абслугоўвання, дзе заўваг члены мабільнай групы зрабілі найменш. Лідарам жа па недахопах стаў вытворчы ўчастак №1 ААТ “Гомельаблаўтатранс”. Тут, як кажуць, парушэнняў – на любы густ. Габарытныя знакі адсутнічаюць, аголеныя правады звісаюць, ямы ў гаражах не прыкрыты шчытамі, у многіх памяшканнях – бруд і смецце, недакуркі, а за вокнамі – бутэлькі з-пад гарэлкі, якія, па ўсяму відаць, выкідваюцца пасля “добрага” сняданку ці абеду. У гэтым члены мабільнай групы маглі  пераканацца, наведаўшы бытоўку. Акрамя таго што чакае яна ўборкі не менш за два тыдні, дык яшчэ і каля стала “прытулілася” пачатая бутэлька спіртнога. Адкуль яна – так ніхто і не растлумачыў. А праз колькі хвілін з’явіўся і работнік, калі яго можна так назваць. Алкатэстар засведчыў аб наяўнасці ў яго крыві 3,8 праміле алкаголю (прыкладна паўтары бутэлькі гарэлкі). Тлумачэнні мужчыны аб тым, што гэта – вынік учарашняга святкавання вяселля, пад увагу членамі мабільнай групы прыняты не былі, і на гэтым працоўны дзень яго скончыўся.


У Брагінскай  ветэрынарнай  лэчэбніцы таксама выяўлены падобныя шматлікія парушэнні. Тут не праводзіцца агляд транспарту перад выездам, і хаця алкатэстар ёсць – ён не задзейнічаны і ў час праверкі прад’яўлены не быў.


Цікавыя тлумачэнні атрымалі члены мабільнай групы, калі “выявілі” склад бутэлек рознага калібру і відаў у бытоўцы, якая прызначана для вадзіцеляў. Аказваецца,  гэтыя бутэлькі збіраюцца для аналізаў!? Больш пытанняў не было.


Хочацца звярнуцца да кіраўнікоў. У напружаных буднях, выкананні прагнозных паказчыкаў і заданняў не забывайцеся пра работнікаў і выкананне патрабаванняў нарматыўных актаў. Бо ўзнікаюць моцныя сумненні ў дасягненні пастаўленых мэтаў, калі ў арганізацыі працуюць такія вось спецыялісты па зборы тары.


Ігар САМБУК,
начальнік аддзела ідэалагічнай работы, кіраўнік мабільнай групы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *