БАЯЗДОЛЬНЫ РЭЗЕРВ

Грамадства

Галоўны эканаміст КЖУП “Брагінскае” Уладзімір Чашэнка – адзіны жыхар нашага раёна, каму выпаў гонар прыняць удзел у вучэбным зборы ваеннаабавязаных запасу, які праходзіў у Барысаве з 25 верасня па 19 кастрычніка. Прычым дамоў Уладзімір Іванавіч вярнуўся не з пустымі рукамі. Акрамя пісьма з падзякай  за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў ад камандавання 72-га гвардзейскага Аб’яднанага вучэбнага цэнтра і наручнага гадзінніка ад міністра абароны,   яму было прысвоена чарговае  званне маёра запасу.



Як паведаміў раённы ваенны камісар Вячаслаў Пархоменка, у канцы верасня больш за тысячу жыхароў Гомельскай вобласці і Мінска, для якіх салдацкія будні засталіся  ў мінулым, былі зноў прызваны ў армію. Але на гэты раз толькі на 24 дні. Успамінаць вайсковае жыццё прыйшлося людзям самых розных узростаў, нават тым, хто служыў больш дваццаці гадоў назад, яшчэ ў СССР. Менавіта для іх было арганізавана першае ўрачыстае мерапрыемства з вынасам баявога сцяга і аркестрам – прывядзенне да прысягі на вернасць Рэспубліцы Беларусь.


Вучэбны збор праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку – падрыхтоўка, у час якой салдаты і афіцэры атрымалі абмундзіраванне і зброю, а таксама аднавілі ў памяці навыкі страявой падрыхтоўкі і стральбы.  Потым усе накіраваліся на палігон, дзе жылі ў палатачным гарадку. Дарэчы, умовы былі максімальна прыбліжаныя да баявых. І, нягледзечы на тое, што праціўнік быў умоўны,  аўтаматныя чэргі і выбухі гранат – сапраўдныя.


Уладзімір Чашэнка быў назначаны начальнікам харчовай і рэчавай службы. Менавіта пад яго кантролем у палявых умовах гатаваліся гарачыя абеды для вайскоўцаў. Ён з гонарам гаворыць, што харчаванне было вельмі смачнае, сытнае, а галоўнае – рацыянальнае. Калі раней навабранцы былі занепакоены тым, што ў арміі будуць не даядаць, то сёння аб гэтым хвалявацца не трэба.


– І ўвогуле, цяпер служыць – адно задавальненне, – дзеліцца ўражаннямі Уладзімір Іванавіч. – У казармах утульна, сталовыя падобны на рэстараны, а ў вольны час дазваляецца глядзець тэлевізар. Раней такога не было…


Дарэчы, сам Уладзімір Іванавіч мае ваенную спецыяльнасць. У 1989 годзе ён закончыў Вольскае вышэйшае ваеннае вучылішча і праходзіў службу ў адной з часцей Арлоўскай вобласці (Расія), але пасля скарачэння штату быў звольнены.  У 1995 годзе вярнуўся на радзіму, дзе якраз і спатрэбілася набытая ў ваенным вучылішчы вышэйшая грамадзянская адукацыя інжынера-эканаміста.


Завяршаючым этапам збораў сталі камандна-штабныя вучэнні, на якіх прысутнічаў Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Юрый Жадобін. І калі ўсе пастаўненыя задачы былі выкананы, баявая тэхніка адпраўлена   на захоўванне, а салдаты і афіцэры знялі ваенную форму,  надыйшоў час віншаванняў і  ўзнагарод.   Ваеннаабавязаных запасу віталі  начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл генерал-маёр Валерый Хахлоў, начальнік 72-га гвардзейскага Аб’яднанага вучэбнага цэнтра гвардыі генерал-маёр Валерый Гнілазуб і ваенныя камісары.  Усе яны прыйшлі да адзінага меркавання – мэта дасягнута, рэзервісты  падрыхтаваны на высокім узроўні.


– Лічу, што час праведзены на зборах, не патрачаны марна, – гаворыць Уладзімір Чашэнка. – Было вельмі прыемна  ўспомніць маладосць, службу ў арміі, акунуцца ў атмасферу мужчынскага братэрства і ўзаемадапамогі.  Нават сустрэў знаёмых, з якімі некалі вучыўся ў ваенным вучылішчы. Нібыта і не было перапынку ў 20 гадоў. Вядома, было нялёгка, але цікава. Калі яшчэ давядзецца паездзіць у БТР ці пастраляць з баявой зброі…
Сапраўды, няхай жа  баявая  тэхніка і ўзбраенне выкарыстоўваюцца толькі ў час вучэбных збораў. І пакуль ёсць у краіне людзі, якія ў любы час гатовы выканаць свае воінскія абавязкі, беларусы могуць быць спакойныя за лёс Радзімы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *