ЧАС ВЫПРАЎЛЯЦЬ ПАМЫЛКІ

Грамадства

Дваццаць вучняў з Брагінскай і Буркоўскай сярэдніх  школ  наведалі  Хойніцкае аддзяленне дабрачыннай рэлігійнай місіі  “Вяртанне” ў вёсцы Нябытаве, дзе праходзяць рэабілітацыю былыя алкаголікі і наркаманы.  Справа ў тым, што некаторыя школьнікі робяць першыя крокі да сяброўства з “зялёным змеем”,  сярод іх былі заўважаны нават сямікласнікі.  Па словах арганізатараў  экскурсіі, галоўная яе мэта –  пазнаёміць падлеткаў з людзьмі, якія таксама паспрабавалі спіртное і псіхатропныя рэчывы ў школьным узросце, расказаць, да чаго гэта прывяло, і засцерагчы ад бяды. Суправаджалі вучняў намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама  Вольга  Ясінская і сацыяльны педагог Брагінскай  СШ  Ганна Ясько.


АДЗІНАЯ  МЭТА –  ВЫЗВАЛІЦЬ 
АД  ЗАЛЕЖНАСЦЯЎ


Дырэктар крызіснага цэнтра Алег Лойка праводзіць экскурсію па двухпавярховым будынку – былой школе. Памяшканне пакуль знаходзіцца ў стане рамонту, але гэта не перашкаджае яго  жыхарам  перавыхоўвацца. Прычым яны ж самі і наводзяць тут парадак.



У фае стаіць мяккая  мэбля,  тэлевізар. Па словах дырэктара, прагляд фільмаў  і  перадач  праходзіць  у  вызначаны час, і яны ў асноўным на духоўную тэму, паколькі рэабілітацыя пабудавана на прывіцці “пацыентам” хрысціянскіх каштоўнасцяў. Тут сам Бог дапамагае заблудным душам стаць на правільны шлях. Менавіта таму на самым відным месцы  размешчаны дзесяць яго запаведзяў. Заняткі па багаслоўі, на якіх вывучаецца гісторыя царквы і Бібліі,  праходзяць у асобным кабінеце, падобным на школьны клас.


У спальным пакоі – ложкі, тумбачкі, шафа…


– Як у санаторыі, – заўважаюць экскурсанты.


– Так, – згаджаецца з імі Алег Барысавіч, – але распарадак у нас больш строгі.


Не абыходзіцца ў крызісным цэнтры і без працоўнай тэрапіі. Пастаяльцы шчыруюць на сельскагаспадарчых надзелах, гадуюць  жывёлу, добраўпрадкоўваюць тэрыторыю. У планах – рэканструяваць пустаючае памяшканне, дзе ў будучым размесціцца царква,  узвесці дом для сямейных пар… А пакуль ідзе будаўніцтва цяпліцы.


Курс рэабілітацыі цягнецца паўтара гады. Увесь гэты час “пацыенты” павінны прытрымлівацца ўстаноўленых правілаў. Вядома, не кожны адразу можа знайсці ў сабе сілы “завязаць”. Збягаюць часта. Многія потым вяртаюцца. Але прыняць уцекача ўстанова зможа толькі праз шэсць месяцаў.


– Не трэба параўноўваць наш крызісны цэнтр з дзяржаўнымі лячэбна-працоўнымі прафілакторымі, – працягвае  Алег Барысавіч. – Мы нікога не трымаем тут супраць волі. Усе, хто звяртаецца да нас за дапамогай, робяць гэта добраахвотна. Мы толькі размаўляем з чалавекам, ставім перад ім новыя арыенціры… Але ні адна ўстанова не зможа  дапамагчы  таму,  хто  сам  не  жадае  змяніцца.


Магчыма, у  некаторых праваслаўных узнікне пытанне, ці не здрадзяць яны сваёй веры, калі будуць знаходзіцца ва ўстанове, якая належыць іншай канфесіі. Як растлумачыў пастар царквы “Благодать” Юрый Куніцкі, хаця духоўнай падтрымкай у цэнтры займаюцца служыцелі евангельскай царквы, праграма рэабілітацыі носіць абсалютна хрысціянскі характар, змяняць веравызнанне там нікога не прымушаюць. Адзіная мэта ўстановы – вызваліць чалавека ад залежнасцяў, дапамагчы яму спазнаць, што жыццёвыя каштоўнасці зусім іншыя. І, як сцвярджаюць  самі  евангелісты,  прыкладна 75%  людзей,  якія  прайшлі  там  рэабілітацыю, не вяртаюцца  да  ранейшага жыцця.


УСПАМІНАЦЬ  СТРАШНА


У крызісны цэнтр звяртаюцца ў асноўным людзі, якія страцілі ўсё ў гэтым жыцці. І, не знайшоўшы сіл нешта змяніць самастойна, яны даверыліся Богу, які літасціва іх прыняў, і зараз вучыць жыць па-новаму. Жыць без  наркотыкаў, спіртнога, цыгарэт…


У Хойніцкім аддзяленні зараз праходзяць рэабілітацыю 13 чалавек. Некаторыя з іх згадзіліся сустрэцца са школьнікамі і расказаць, як трапілі сюды.


Алеся, 32 гады, г. Светлагорск:


– Сёння ўсведамляю, што губіць жыццё пачала ў 15-16 гадоў, калі ў яго ўвайшлі “цікавыя” кампаніі, старэйшыя хлопцы і алкаголь. Маці спрабавала неяк паўплываць на мае паводзіны, чытала натацыі, але я  лічыла, што ўжо дарослая, і магу  сама вырашаць, што і як мне рабіць. Ну  выпіла перад  дыскатэкай.  Многія так робяць…


Калі пераступіла рысу, нават не заўважыла. Азіраюся назад і свайго жыцця з 20 да 30 гадоў я не бачу. Яго не было.  Была толькі цяга да спіртнога, азлаблёнасць на ўвесь белы свет, а таксама  месцы пазбаўлення волі, дзе мне давялося пабываць неаднойчы. Дайшло да таго, што кожны дзень у кампаніі такіх жа, як сама,  стаяла каля магазіна і “страляла” на бутэльку. Уяўляю, як было сорамна маёй маці.  Яна прыкладвала ўсе  намаганні, каб выцягнуць мяне з гэтага балота, нават вазіла “кадзіравацца”, але нічога не дапамагала.


Аднойчы нам расказалі пра цэнтр рэабілітацыі. Спачатку я не верыла, што ён зможа  перайначыць мяне. Але  праз  некаторы  час змяніла сваё меркаванне. Тут я навучылася глядзець на сябе з боку, усвядоміла ўсю  нікчэмнасць сваіх паводзінаў і пачала жыць з чыстага ліста…


Ірына, 28 гадоў, г. Мінск:


– Раней, калі бачыла людзей, якія злоўжываюць спіртным, думала, што мяне ніколі не напаткае такі лёс. У мяне былі клапатлівыя бацькі і добрая работа. Я магла дазволіць сабе набываць дарагія рэчы, наведваць дарагія клубы, піць дарагі алкаголь… Іншымі словамі, жыццё было вясёлае і бесклапотнае. Нават калі мне казалі: “Іра, ты – залежная”, я толькі адмахвалася: “У мяне ўсё добра”.


Паступова  пачала лавіць сябе на думцы, што мне хочацца выпіць не толькі ўвечары, але і раніцай. Праз некаторы час страціла  работу, пасварылася з бацькамі. Але мне было ўсё роўна. Усё роўна што апранута, як выглядаю. У галаве было толькі адно: дзе знайсці чарговую порцыю гарачыльнага напою. Жыла як у замкнутым крузе: прачнулася, выпіла, заснула… Мне  стала нецікава глядзець на свет цвярозымі вачамі. І гэта ў 20 з лішнім гадоў. 


Дзякуй Богу, знайшліся людзі, якія параілі мне звярнуцца ў хрысціянскі цэнтр рэабілітацыі. Менавіта тут я ўсвядоміла, што амаль не выкінула сябе на сметнік, што жыла зусім не так,  як  хацела,  як марылі мае бацькі. Таму хачу перасцерагчы юнакоў і дзяўчат ад бяздумных дзеянняў. Не ўпускайце ў сваё жыццё алкаголь. Гэта дрыгва, якая зацягвае вельмі хутка, і з якой так цяжка выбрацца.


Іван, 33 гады, г. Акцябрскі:


– Я добра вучыўся ў школе, займаўся спортам, сябраваў з музыкай. Настаўнікі, бацькі, знаёмыя казалі, што я да ўсяго здольны, што змагу многага дабіцца ў жыцці. Напэўна, перахвалілі…


Тады я шмат чытаў. Чамусьці падабаліся кнігі з крымінальным сюжэтам, а турэмнае жыццё, апісанае ў іх, вабіла нейкім рамантызмам. Але, калі сутыкнуўся з ім у рэчаіснасці, зразумеў,  што  рамантызмам  там і не пахла.  Прывялі  мяне за краты наркотыкі, адняўшы не толькі свабоду,  але і здароўе. Нават успамінаць страшна  аб  тым  часе.


У нейкай ступені я заўсёды быў веруючым чалавекам. Але гэтая вера  была  своеасаблівая. Напрыклад, я прасіў Бога, каб дапамог знайсці чарговую дозу…  Сёння я дзякую яму, што не пакінуў, што даў розуму і сілы звярнуцца ў  цэнтр  рэабілітацыі. Прыкладна 90% маіх былых сяброў, з якімі бавіў  час, прымаючы дурманлівыя рэчывы, ужо пайшлі з жыцця.  Мне пашанцавала вырвацца з цэпкіх лап наркотыкаў. Вяртацца да іх не збіраюся і не раю нікому нават спрабаваць гэтую атруту. Скажаце: “Не, з намі такое не здарыцца. Мы маладыя, моцныя, здаровыя… У любы час зможам “саскочыць”.  Я таксама так лічыў.  Паверце мне, эйфарыя праходзіць хутка, далей будуць толькі боль і адчай…


АЛКАГОЛЬ –  АТРЫБУТ
ДАРОСЛАГА  ЖЫЦЦЯ?


Вельмі часта, калі мы чуем аб наркаманіі ці алкагалізме,  кажам: “Гэта мяне не датычыць”. Але, калі бяда ўрываецца ў наш дом або ў сем’і блізкіх ці знаёмых і мы рэальна сутыкаемся з ёю, наша стаўленне рэзка змяняецца. Становіцца відавочным, што ні сувязі, ні фінансы, ні самыя тытулаваныя ўрачы, ні самыя дасканалыя метады не ў стане спыніць гэтае напасце. Яно ўрываецца ў жыццё чалавека, не пытаючы аб узросце і матэрыяльнай забяспечанасці.


Алкаголь, наркотыкі і дзеці – паняцці несумяшчальныя, хаця ў апошні час менавіта ў такім спалучэнні гэтыя словы гучаць  усё часцей.  Жаданне паспрабаваць небяспечныя рэчывы ўзнікае ў многіх падлеткаў. Яны з’яўляюцца для школьнікаў нейкім атрыбутам дарослага жыцця. Чаму?.. Чаму і калі дзеці трапляюць пад уплыў людзей, якія ўжываюць наркотыкі і алкаголь? 


Хочацца верыць, што дзякуючы гэтай сустрэчы  юнакі і дзяўчаты прааналізуюць свае паводзіны, выправяць памылкі. І прымуць правільнае рашэнне, калі сутыкнуцца са спакусай у  чарговы  раз.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *