ДАБРАБЫТ СТВАРАЕЦЦА Ў ПРАЦОЎНЫХ БУДНЯХ

Праздники и будни

І сёння вяскоўцы працягваюць векавыя традыцыі беларускага сялянства: вырасціць, захаваць і перапрацаваць ураджай, накарміць краіну, прымножыць багацце роднага краю. Калектывы сельгаспрадпрыемстваў раёна забяспечваюць насельніцтва раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыяй, у якую ўкладзены праца, шчодрасць, цеплыня рук  і  любоў  да зямлі. Сельскагаспадарчы год завершаны, можна падвесці яго вынікі. Аб іх, а таксама перспектывах развіцця АПК размова з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пятром Бухаўцом.



– Пётр Іванавіч, ад поспехаў КСУПаў у многім залежыць дынамічнае функцыянаванне эканомікі раёна, дабрабыт вяскоўцаў, упэўненасць у заўтрашнім дні. З якімі паказчыкамі падышлі  да свайго прафесійнага свята?


– Тэмп росту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за дзесяць месяцаў склаў 104%, яе атрымана на 154,4 млрд рублёў, што больш мінулагодняга на 6 млрд. Валавы збор зерня (без кукурузы) – 42 159 тон (113%). У мінулым годзе мы сабралі на 4838 тон менш. Найвышэйшы валавы намалот збожжа – у КСУП “Малажынскі” (8,6 тысячы тон), у КСУП імя Жукава і “Чамярыскі” – 7,2 тысячы тон. У разліку на бала-гектар атрымалі па 83,3 кг зерня. Лепшы паказчык – у КСУП “Чамярыскі” (97,3 кг) і КСУП “Саўгас “Камарынскі” (96 кг).


На 16 лістапада намалочана 12 257 тон зерня кукурузы супраць леташніх 9707 (+2550 тон, або на 26% больш). Лічба не канчатковая, таму што ўборка “каралевы палёў” яшчэ працягваецца. Па ўраджайнасці гэтай кармавой культуры лідзіруюць КСУП “Чамярыскі” і КСУП імя Жукава (116,9 і 98,1 цнт/га адпаведна) пры сярэднераённым паказчыку 62,6 цнт/га. Яны ж найбольш за іншых рэалізавалі зерня кукурузы, для прыкладу, чамярысцы – на 10 млрд рублёў. Гэта па апошніх даных.


– У час уборкі рапсу наш раён называлі ў вобласці ў ліку трох лепшых, дзе вырасцілі добры ўраджай. Алейная культура сёлета парадавала?


– Так, сабралі 7389 тон насення рапсу, валавы намалот павя-лічылі ў 1,9 раза (летась было 3860 тон). Тры гаспадаркі атрымалі ўраджайнасць звыш 20 цнт з гектара. Гэта КСУП імя Жукава (24 цнт/га), “Брагінскі” (22,1), “Чамярыскі” (20,6). У пяці гаспадарках валавы збор перавысіў тысячу тон. Тэхналогію вырошчвання рапсу стараемся захоўваць, на базе КСУП “Брагінскі” праводзіўся абласны семінар з удзелам старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка. Тлумачэнні тады даваў галоўны  аграном гэтай гаспадаркі Юрый Ясінскі. Хаця, калі гаварыць шчыра, ураджайнасць магла б быць яшчэ вышэйшая. Мы звярнулі ўвагу спецыялістаў агранамічнай службы на такі прыём, як апрацоўка глебы пасля розных папярэднікаў, рэкамендавалі прыняць меры па забеспячэнні аховы пасеваў рапсу ад пустазелля і шкоднікаў, у асенні перыяд уносіць мікраўгнаенні. Завезлі ў раён элітнае насенне сорту “зорны”, а КСУП “Чамярыскі” – французскія гібрыды сартоў “артыст”, “гідрамель”, “няптун”, “элвіс”. Для ўдасканальвання межаў няма, а калі хочаш быць паспяховым гаспадаром, неабходна знаходзіцца ў пошуку і ўкараняць у вытворчасць усё лепшае. Дарэчы, дзяржзаказ па продажы зерня і рапсу выканалі.


– Мы  з Вамі  гаворым больш пра  раслінаводчую галіну, а як  справы  ў  жывёлаводаў?


– Па  вырошчванні буйной рагатай жывёлы за дзесяць месяцаў дасягнуты нядрэнны паказчык: тэмп росту склаў 108,7% (+311 тон). Сярэднясутачныя прывагі атрымалі на 79 грамаў большыя і давялі іх да 697 грамаў. Ёсць у нас гаспадаркі, якія павялічылі ў параўнанні з мінулым годам і вытворчасць малака. У “Чамярыскім” тэмп росту – 105,1%, па рэалізацыі – 108,9%. Найвышэйшыя надоі малака ў разліку на карову забяспечылі жывёлаводы КСУП “Саўгас “Камарынскі” (4108 літраў, што на 600 больш, чым у сярэднім па раёне), і КСУП “Чамярыскі” – 3972 літры (+464).


На тры працэнты павялічылі пагалоўе буйной рагатай жывёлы (+811 галава), найбольшы рост – у КСУП “Чамярыскі” і “Брагінскі”.


– Мабыць, усё гэта станоўча адбілася на фінансавым становішчы сельгаспрадпрыемстваў. Якое яно?


– У выніку гаспадарчай дзейнасці выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі склала 137 млрд рублёў (253% да мінулагодняй).  Атрыманы прыбытак у суме 21,8 млрд пры рэнтабельнасці  продажу  15,9%, што больш за  заданне  амаль  у два разы. Усе  КСУПы выйшлі на даведзены  ўзровень па гэтым паказчыку.


У сістэме АПК занята 1234 чалавекі, іх колькасць зменшылася (-50) у параўнанні з 2011-м годам. Сярэднямесячная заработная плата  за дзесяць месяцаў – 2 млн 306 тысяч, а за кастрычнік – 2 млн 721, найвышэйшая яна ў КСУП “Чамярыскі” (2 млн 874 тысячы).


– Як будзе развівацца аграпрамысловы комплекс у бліжэйшыя гады?


– На пашыраным пасяджэнні калегіі Мінсельгасхарчу міністр Леанід Заяц вёў размову аб праграме мадэрнізацыі аграпрамысловага комплексу ў рамках маштабных дзяржаўных праектаў, актывізацыі вытворчага патэнцыялу і магчымасцяў. Нам неабходна навучыцца працаваць на прынцыпах самафінансавання ва ўмовах дзеяння  новых механізмаў дзяржаўнай падтрымкі. У якасці асноўнага крытэрыя ацэнкі работы сельскагаспадарчых арганізацый будзе ўведзены прыбытак у разліку на бала-гектар кадастравай ацэнкі сельгасугоддзяў. Прадуктыўнасць дойнага статка ў сярэднім па рэспубліцы павінна скласці не менш за 6500 кілаграмаў, прывага на адкорме – да аднаго кілаграма. Давядзецца пераглядаць структуру кормавытворчасці. Ужо складзены праграмы з мэтай выхаду на больш высокія паказчыкі, якія ўзгоднены з абласнымі структурамі. У іх аснове – рэканструкцыя памяшканняў, павелічэнне пагалоўя, вытворчасці прадукцыі, паляпшэнне яе якасці. Працаваць давядзецца шмат і плённа, шукаць новыя падыходы і стымулы, каб адпавядаць тым патрабаванням, якія прад’яўляюцца да аграрыяў у сувязі з уступленнем рэспублікі ў Мытны саюз, а цераз яго – у Сусветную гандлёвую арганізацыю.


– Што хацелі б пажадаць працаўнікам вёскі напярэдадні прафесійнага свята?


– І ветэранам вытворчасці, і тым, хто працуе, хацеў бы выказаць шчырыя словы прызнання і падзякі за нялёгкую працу, стараннасць, вернасць прафесіі, справе дзядоў і бацькоў, за тое, што не шукаюць лёгкага хлеба. Нізкі паклон за майстэрства, дасягнутыя поспехі, за імкненне зрабіць лепш, чым было. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і ўдачы, згоды ў сем’ях. А яшчэ – багатых ураджаяў, здзяйснення намечанага, далейшага ўдаскалення прафесійных навыкаў.


Сёння не назваў лепшых жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў. Вынікі работы будуць падведзены ў наступную суботу, тады іх прозвішчы будуць змешчаны на старонках “Маяка Палесся”, каб людзі ведалі кожнага, хто праславіў сябе сумленнай працай на карысць усіх нас.


Гутарыла Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *