КАЛІ ЛЮБОВІ ХАПАЕ НА ЎСІХ

Грамадства

 Утульны дом, сям’я, родныя людзі – гэта самае галоўнае, што ёсць у жыцці чалавека. Ды, на жаль, далёка не кожнае дзіця мае шчасце так думаць. Бацькоўскі клопат і пяшчота застаюцца запаветнай марай тых, хто вымушаны замест цёплага дома бачыць толькі казённыя сцены дзяржаўнай установы, пазбаўлены душэўнага спакою. Выратавальным кругам у такім выпадку з’яўляецца прыёмная сям’я.

 



Пытанні ўзаемадзеяння грамадскіх і дзяржаўных арганізацый па аказанні дапамогі прыёмным сем’ям і дзіцячым дамам сямейнага тыпу абмяркоўваліся 25 кастрычніка на практычным семінары, які прайшоў  у Гомелі ў рамках традыцыйнага абласнога злёту “Будзьце маімі бацькамі”. Удзел у ім прынялі і 11 прыёмных сем’яў з нашага раёна. А арганізатарамі мерапрыемства сталі абласное аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд”, упраўленне адукацыі аблвыканкама.


Як расказала  метадыст па пытаннях  абароны правоў дзіцяці Рамуальда Пішчук, у прыёмных бацькоў была добрая магчымасць абмяняцца думкамі і вопытам, пасябраваць, сустрэцца з урачамі, псіхолагамі, юрыстам, іншымі спецыялістамі.  Чым сёння жывуць такія сем’і, распавяла выстава, аснову якой склалі дзіцячыя творчыя работы, фотаальбомы, стравы з садавіны і гародніны і рэцэпты да іх. Кожны ад-дзел  адукацыі падрыхтаваў  тэматычны  відэаролік. А для дзяцей была арганізавана асобная праграма:  з выступленнем лялечнага тэатра,  дэманстрацыяй  мультыплікацыйных  фільмаў,  правядзеннем майстар-класаў  па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве навучэнцамі Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л. Выгоцкага.


 



Але самым хвалюючым  момантам стала ўзнагароджанне прыёмных сем’яў з перадавым вопытам работы.  Прыемна, што ў ліку адзначаных была і наша зямлячка:  Святлана Фурс з  Хракавіч разам з мужам Іванам Іванавічам выхавала двух сыноў і падаравала сваю любоў, клопат і пяшчоту тром дзецям, якія не змаглі атрымаць гэтага ад біялагічных бацькоў. У кожным з іх змагла заўважыць добрыя якасці і талент, убачыць асобу, дапамагла ім выбраць правільную жыццёвую дарогу і падтрымлівае  нават пасля паўналецця. Нягледзячы на афіцыйны статус прыёмнай маці, для Святланы Міхайлаўны ўсе пяцёра – родныя, свае.


Прыёмная дачка Ганна закончыла Лоеўскі педагагічны каледж і паступіла на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Яна ўжо стварыла сваю сям’ю і хутка сама стане маці. Добразычлівы, мэтанакіраваны Міхаіл у мінулым годзе паступіў у Мінскае сувораўскае вучылішча. А Мікалай, які трапіў у сям’ю Святланы Міхайлаўны з Мазырскага дзіцячага дома, пакуль вучыцца ў школе. З’яўляецца актыўным удзельнікам разнастайных мерапрыемстваў.


За сваю добрасумленную працу па выхаванні прыёмных дзяцей Святлана  Міхайлаўна  была   адзначана  граматамі  райвыканкама  і аддзела  адукацыі, атрымала пісьмо з падзякай ад адміністрацыі  педкаледжа.  А ад абласнога аддзялення  рэспубліканскага грамадскага  аб’яднання “Беларускі дзіцячы  фонд”  ёй  была ўручана Ганаровая грамата за плённую дзейнасць па аказанні дапамогі і падтрымкі  дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у іх станаўленні як асобаў і самавызначэнні. Яскравы прыклад добрых пабуджэнняў і адказнасці ў сваім намеры дапамагчы дзецям знайсці дом і людзей, якія будуць іх любіць.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *