КСУП “Брагінскі”: ВОПЫТ І МАЛАДОСЦЬ – ПОБАЧ

Грамадства

Загадчыкам майстэрні Уладзімір Кацуба працуе 14 гадоў. На гэтую пасаду яго прызначыў у свой час Мікалай Раманюк, які зараз узначальвае КСУП ордэна Леніна “Брагінскі”. Быццам адчуваў, што жыццёвыя сцежкі звядуць іх яшчэ раз. А да гэтага 28 гадоў круціў баранку аўтамабіля, быў выдатным шафёрам. Вопытных вадзіцеляў знайсці лягчэй, чым добрага арганізатара. Гэтымі думкамі і кіраваўся Мікалай Аляксеевіч, калі даручаў яму механічную майстэрню. Відаць, з кандыдатурай не памыліўся, бо і яго паслядоўнікі ніякіх кадравых змен не праводзілі і пакінулі ўсё, як было. Па-ранейшаму Уладзімір Ульянавіч – “уладальнік” вялікай гаспадаркі, у якой і сучасная, новая тэхніка, і тая, што адпрацавала не адзін год.



Тэрыторыя двара вялікая, трактароў, машын шмат, неабходна падтрымліваць парадак, сачыць, каб усё захоўвалася па правілах. Інжынерная служба тут вопытаня, але ж у кожнага спецыяліста  свае абавязкі. Да гонару Кацубы, са сваім колам праблем і пытанняў ён спраўляецца. Яго стараннасць ацэнена.  Уладзімір Ульянавіч – у ліку ўзнагароджаных.



Дзмітрый Федарэнка прыйшоў у КСУП “Брагінскі” сёлета, да гэтага была вучоба ў Палескім сельскагаспадарчым каледжы, практыка, у час якой пазнаёміўся з механізатарамі, вадзіцелямі, спецыялістамі ардэнаноснай гаспадаркі. Прыгледзеліся і да яго, заўважылі, што хлопец кемлівы, не гультай. А тое, што  малады механік паспеў папрацаваць на розных марках машын, толькі пайшло на карысць, да ўсяго Дзмітрый займаўся іх рамонтам. У час жніва ўбіраў каласавыя.


Жыццё сведчыць, што паспяховымі кіраўнікамі становяцца тыя, у каго багатая практыка і вопыт, хто ўзнімаўся па  службовай  лесвіцы паступова, з нізоў. Магчыма, так будзе і ў Дзмітрыя Федарэнкі. Сёння ён прысутнічае ў зале РДК, дзе шануюць лепшых працаўнікоў АПК. Першы крок зроблены.


Дзмітрый стаў пераможцам на ўборцы ўраджаю зерневых сярод моладзевых экіпажаў (другое месца), намалаціў 937 тон зерня на ўмоўны камбайн. Грашовая прэмія – 600 тысяч рублёў.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *