Канкурэнцыі не баяцца

Праздники и будни

Тут пакупнікам  прапаноўваюць новую прадукцыю,  якая  не  толькі   якасная  і  смачная,  але  і  рэнтабельная.


Цэх філіяла Гомельскага КХП “ААТ “Гомельхлебапрадукт”, вядомы больш як “Наша меленка”, Мар’яна Галезнік ўзначаліла сем месяцаў таму. Якраз ішоў рамонт, устанаўлівалі новае замежнае абсталяванне, і першае пытанне, якое ёй задалі, крыху азадачыла: “Ці справіцеся з рамонтнымі работамі  за месяц?”. Ацаніўшы сітуацыю, дала станоўчы адказ. Гэта было ў маі, а ўжо 12 чэрвеня цэх пачаў выпускаць прадукцыю, якая з цягам часу знайшла свайго пакупніка. Адбылося гэта не адразу. У першыя тыдні  былі пошукі, бяссонныя ночы, нарады з тэхнолагамі, разлікі і прагнозы, планаванне… Памятае, як адправіла нерэалізаваныя хлебабулачныя вырабы на корм жывёле. “Больш гэтага не будзе!” – такую ўстаноўку дала падначаленым, якія ў працэсе работы сталі аднадумцамі. Зараз плануюць аб’ёмы, колькасць найменняў вырабаў з улікам попыту насельніцтва. І ўвесь час імкнуцца радаваць спажыўцоў новымі відамі выпечкі.


Так з’явіліся кексы, слойка, крэндзелі, здоба “Гараджанка”, пышка для дзяцей, некалькі відаў батонаў і інш. Не знік з прылаўка і яго вялікасць Хлеб. Мой знаёмы, пакаштаваўшы яго адзін раз, іншага не прызнае. Ацанілі старанне хлебапёкаў не толькі жыхары нашага раёна, але і Рэчыцкага, Хойніцкага, Лоеўскага, куды прадукцыя рэалізоўваецца згодна з дагаворамі паставак. Асабліва падабаецца рэчычанам і гамяльчанам здоба для дзяцей. Усё, што выпускае цэх, можна набыць не толькі ў магазінах, але і на рынках. Пякуць пад заказ, каб лішняга не было і потым не перапрацоўваць тое, што не прадалі. Якасць хлебабулачных вырабаў павінна быць высокая. Спачатку Мар’яна Мікалаеўна часта наведвалася ва ўніверсам “Юбілейны”, глядзела, ці купляюць іх прадукцыю. Сёння яна гэтага не робіць,  бо  ведае, што тавар на паліцах не залежваецца.


Рэнтабельнасць падлічваюць па кожным найменні выпечкі, для прыкладу, кандытарская рэнтабельная ўся. Што датычыць цаны, то яна залежыць ад аб’ёмаў прадукцыі. Рынак даводзіцца заваёўваць, шукаць шляхі рэалізацыі. Раённае спажывецкае таварыства купляе ў іх шэсць тон вырабаў за месяц, а ўсяго яны выпускаюць да 27 тон (даныя за кастрычнік). За змену – 1,3–1,4 тоны. Навучыліся лічыць кожную капейку, скарацілі затраты, у тым ліку і транспартныя. Канкурэнцыі не баяцца, яна, па словах Мар’яны  Галезнік,  павінна  быць. “Лю-дзям неабходна даць свабоду выбару, пакупнік сам разбярэцца, што яму патрэбна. Няхай паступае хлеб з Рэчыцы, Лоева, Хойнік. У кожнага пакупніка свой густ, і мы, перапрацоўшчыкі, павінны яго задаволіць.”


У калектыве ведаюць: працаваць давядзецца творча, настойліва, шмат і мэтанакіравана. А інакш як выжыць у рыначных умовах? Пры першай сустрэчы Мар’яна Мікалаеўна папярэдзіла людзей аб гэтым, інакш на  высокія заробкі няхай не разлічваюць. Сёння тут нядрэнная сярэднямесячная зарплата, у асобных даходзіць да чатырох мільёнаў. Выплачваюцца прэміі за выкананне плана, выдаюцца грошы на набыццё гародніны, прадугледжаны і іншыя льготы. У цаху працуе 30 чалавек (раней – 22). Пра кожнага кіраўнік гаварыла з вялікай павагай. Яна валодае здольнасцямі арганізатара, умее згуртоўваць падначаленых, зараджаць сваёй энергіяй, натхняць. Пры ўсіх гэтых якасцях нават выпівохі перавыхоўваюцца. Хаця такіх не знахо-дзіцца. Каму хочацца страчваць работу, якая добра аплачваецца? Наадварот, людзі просяцца сюды, і магчымасць уладкавацца ў цэх хутка з’явіцца. Адзін гандлёвы ларок кіраўніцтва КХП “ААТ “Гомельхлебапрадукт” у Брагіне ўжо ўстанавіла, хутка з’явіцца і другі, па вуліцы Чалідзэ, а таксама ў Камарыне, а потым – і фірменны магазін, праектная дакументацыя якога зацверджана. Будуць новыя рабочыя месцы, што не можа не радаваць.


Мне больш за ўсё імпануе ў Мар’яне Мікалаеўне пачуццё патрыятызму, хаця яна і не карэнная брагінчанка. “У мяне сэрца баліць за Брагін і яго жыхароў, – прызналася яна. – Не магу і не хачу  слухаць пра тое, што тут няма з кім працаваць, што ў пацярпелым раёне ўсё дрэнна. Ды няпраўда гэта! Людзі – цудоўныя, край – прыгожы, культурныя традыцыі багатыя і гісторыя – слаўная! Адваротнае могуць сцвярджаць толькі тыя, хто тут не быў і не працаваў”.
Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – гэта і свята работнікаў Брагінскага філіяла Гомельскага КХП “ААТ “Гомельхлебапрадукт”. Калі механізатары і паляводы росцяць хлеб, дык яны – пякуць. Няхай ён будзе ў нас на стале кожны дзень, смачны, духмяны, жытні, пшанічны, з дабаўкамі і без іх, галоўнае, каб удосталь.  Хачу пажадаць Мар’яне Галезнік і яе падначаленым добрага здароўя і ўдачы. Няхай  шанцуе, справы заўсёды ладзяцца, канкурэнты не перашкаджаюць працаваць, даходы растуць, а вырабы разыходзяцца ў імгненне вока. Жадаю, каб быў добры настрой, і тая аўра добразычлівасці, якая ўсталявалася, несла  людзям надзею і пачуццё стабільнасці.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *