НА ШЛЯХУ ДА ДЗЯРЖАЎНАСЦІ

Грамадства

У ноч з 25 на 26 кастрычніка (з 7 на 8 лістапада па новым стылі) 1917 года ў Петраградзе бальшавікі здзейснілі сваю мару – правялі паспяховае ўзброенае паўстанне супраць Часовага ўрада. Члены апошняга былі арыштаваны, а ўлада перададзена II Усерасійскаму з’езду Саветаў, аднак яго пасяджэнне пакінулі меньшавікі і правыя эсэры, нязгодныя з арыштам міністраў. Амаль адразу інфармацыя аб пераходзе ўлады ў сталіцы да Саветаў распаўсюдзілася па былой імперыі. Мінскі Савет, дзе перавагу мелі ўжо бальшавікі,  выдаў загад за першым нумарам пад агульнай назвай – “Уся ўлада саветам!”.


26 кастрычніка быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Паўночна-Заходняга фронту, які павінен быў садзейнічаць умацаванню савецкай улады і з’яўляўся паўнамоцным органам улады да фарміравання пастаянных устаноў улады. Аднак прыхільнікі Часовага ўрада таксама актывізаваліся. Імі 27 кастрычніка быў створаны Камітэт выратавання рэвалюцыі (маецца на ўвазе Лютаўская), у склад якога ўвайшлі ўсе буржуазныя партыі, эсэры, Бунд, меньшавікі, прадстаўнікі Гарадской думы, Вялікай беларускай рады, прафсаюзаў Мінска. У Мінск была ўведзена Каўказская дывізія. Рэальна ацэньваючы свае сілы, Мінскі Савет перадаў уладу (часова) Камітэту і нават дэлегаваў у яго склад сваіх прадстаўнікоў І. Алібегава і Я. Пярно.


Першага лістапада 1917 года ў Мінск увайшоў браняпоезд і армейскія часткі, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Камітэт выратавання рэвалюцыі разагналі. Вельмі хутка, на працягу кастрычніка-лістапада 1917 года, савецкая ўлада была ўстаноўлена на ўсёй неакупаванай тэрыторыі Беларусі. У буйных гарадах ствараліся Ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія праводзілі мерапрыемствы па ўмацаванні савецкай улады.
Для ўмацавання новай улады важнае значэнне мелі з’езды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў губерняў і фронту, якія адбыліся ў лістападзе-снежні. Яны легалізавалі новую ўладу – зацвердзілі структуру яе органаў, вызначылі сістэму кіравання, абралі выканкамы, адобрылі першыя Дэкрэты савецкай улады – аб зямлі і міры і інш.


Кіраўнікі савецкіх органаў улады займалі рэзка негатыўную пазіцыю па пытанні нацыянальнага самавызначэння Беларусі. Яны не былі беларусамі па паходжанні, на Беларусі апынуліся дзякуючы ваенным абставінам, мясцовай нацыянальнай спецыфікі не ведалі, а дзейнічалі зыходзячы з пазіцый вядомай нам тэорыі “заходнерусізма”. Аднак беларускія нацыянальныя партыі, у тым  ліку  сацыялістычныя, прытрымліваліся іншага пункту гледжання. Яны пачалі рыхтаваць Усебеларускі кангрэс, які павінен быў вырашыць далейшы лёс беларускіх губерній. Адначасова ўрад Савецкай Расіі даручыў Беларускаму абласному камітэту, утворанаму з дэлегатаў Устаноўчага сходу, таксама правесці Усебеларускі з’езд з аналагічнай мэтай, на гэта мерапрыемства былі выдаткаваны грашовыя сродкі. З дзейнасці гэтага з’езда пачынаецца перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *