НАМ ЁСЦЬ ЧЫМ ГАНАРЫЦЦА

Праздники и будни

Разам у тую суботу,  здаецца, і прырода радавалася з вяскоўцамі,  прыберагла да іх свята сонечны, адносна цёплы для канца лістапада дзень. Светла ад усмешак, людской шчырасці было і ў зале раённага Дома культуры,  дзе падводзіліся   вынікі жніва-201  і  сельскагаспадарчага года, узнагароджвалі  лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу.



Пад урачыстыя гукі музыкі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах уносяць Яго Вялікасць  Хлеб, пах якога разносіцца па ўсёй зале. Пышны каравай уручаюць старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандру Ятчанку, а прысутных у  зале частуюць апетытнымі булачкамі.



Сёлетні год для хлебаробаў раёна лёгкім не назавеш. Каб вырасціць збожжа, давялося нямала папрацаваць. Якіх вынікаў дасягнулі, расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Бухавец. Нам ёсць чым ганарыцца. І сёлета дэлегацыя Брагіншчыны прысутнічала на рэспубліканскім свяце-кірмашы “Дажынкі-2012”  у Горках, камбайнеры, вадзіцелі, машыністы  сушыльных комплексаў вярнуліся адтуль з дыпломамі, падарукамі, атрымалі.


Шанавалі нашых землякоў і на абласных дажынках. КСУП “Чамярыскі” заняло сёлета трэцяе месца па ўборцы і намалоце зерневых і зернебабовых культур (грашовая прэмія – 10 млн рублёў), у ліку лепшых  і механізатар КСУП “Малажынскі” Міхаіл Калясан (трэцяе месца). На “Ягуар-870” нарыхтаваў у пераразліку на зялёную масу 51 789 тон. Пётр Іванавіч пажадаў працаўнікам сельскай гаспадаркі моцнага здароўя, плёну ў працы, новых здабыткаў і спрыяльнага надвор’я.



“Ёсць на гэтай зямлі людзі, якія ўмеюць працаваць”, – сказаў у прывітальным слове старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Ятчанка. – Мы зрабілі крок наперад, навучыліся вырошчваць такія нетрадыцыйныя культуры, як сланечнік, соя. Вучыліся шмат, цяпер неабходна прымяняць веды на практыцы”.  Кіраўнік раёна падкрэсліў, што без рызыкі сёння працаваць наўрад ці можна. У гэтым пераканаліся маладыя дырэктары, пад кіраўніцтвам якіх калектывы дасягнулі нядрэнных вытворчых паказчыкаў і маюць грошы на рахунку. Ён нагадаў, што ў наступным годзе рэспубліканскія “Дажынкі” пройдуць у нашай вобласці, і хлебаробы раёна павінны ўнесці свой уклад у агульны каравай.


Пасля шчырых слоў віншавання Аляксандр Пятровіч уручыў Ганаровыя граматы і падарункі камбайнерам і вадзіцелям, якія сталі лідарамі на ўборцы ўраджаю, а тым, хто заняў другое месца, – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Бухавец. Лепшых з лепшых (па ўсіх напрамках дзейнасці) віншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кавалёк, намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва. Цёплыя словы і пажаданні яны адрасавалі ўсім, хто прыехаў на свята, хто ўдастоіўся гонару быць адзначаным за свае стараннасць і майстэрства.



Старшыня Брагінскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан уручыў Ганаровую грамату абласного прафсаюзнага камітэта дырэктару КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” Мікалаю Раманюку, а аператару Валянціне Свірыдзенцы з гэтай жа гаспадаркі – пісьмо з падзякай і грашовыя прэміі. Ганаровымі граматамі і прэміямі райкама прафсаюза работнікаў АПК былі адзначаны галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Пінчук і ветурач У “Брагінская ветэрынарная станцыя” Анастасія Абашына.



Быў на свяце і яшчэ адзін момант, які не мог не парадаваць: сярод узнагароджаных – шмат маладых кадраў. Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Таццяна Грышан запрасіла на сцэну аператара машыннага даення з КСУП “Малажынскі” Наталлю Калясан. Ёй аб’явілі падзякі начальнік аддзела па справах моладзі аблвыканкама і старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК за актыўны ўдзел у абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод маладых аператараў машыннага даення, дзе Наталля выступіла паспяхова.  Ад Брагінскага аддзела па справах моладзі ёй таксама былі ўручаны Ганаровая грамата і падарунак. Іх таксама атрымалі з рук Таццяны Грышан жывёлавод КСУП імя Жукава Аляксандр Ганчарэнка, вадзіцель КСУП “Малажынскі” Вадзім Малы, эканаміст КСУП “Саўгас “Камарынскі” Вольга Ятчанка.



У зале прысутнічалі героі нашых публікацый:  маладыя  механізатары, камбайнеры, вадзіцелі, спецыялісты з усіх гаспадарак раёна. Прыемна было бачыць іх у ліку лідараў, яшчэ раз павіншаваць і пажадаць новых здабыткаў. Гэта разумныя, таленавітыя, працавітыя людзі, у якіх наперадзе яшчэ шмат перамог і ўзнагарод. Няхай яны будуць не толькі на раённым, але і на абласным, рэспубліканскім узроўнях.



Ад душы спявалі для працаўнікоў вёскі ў  той  дзень  работнікі  культуры  і  самадзейныя артысты. Аб іх  цесным узаемадзеянні сведчыць той факт, што кожны год начальнік аддзела культуры райвыканкама Ліна Пятніцкая  ўручае граматы кіраўнікам тых КСУПаў, якія аказваюць садзейнічанне і фінансавую падтрымку іх установам. Сёлета граматай, а таксама падарункам заахвоціла дырэктара “Пераможніка” Уладзіміра Прусянка.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *