…НАМ ЗАСТАЛАСЯ СПАДЧЫНА

Грамадства

Ці задумваліся вы, што азначае для кожнага з нас слова “спадчына”? З такога пытання пачалася краязнаўчая вандроўка “Вяртанне ў мінулае”,  якую мы здзейснілі разам з выхаванцамі Асарэвіцкага  сацыяльнага прытулку.


Дарэчы, актыўнымі ўдзельнікамі самых розных тэматычных мерапрыемстваў, што наладжваюцца  ў нашай бібліятэцы. Іх задумваем і арганізоўваем разам з выхавальнікам Віктарам Падвербным. І на гэты раз  было  вырашана    пазнаёміць  дзяцей   з  адраджэннем нашай спадчыны, духоўных каштоўнасцей народа, расказаць аб адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі – краязнаўчай рабоце. А каб адчуць подых мінулага, адчынілі дзверы ў этнаграфічны пакой “Наша спадчына”.


Дзеці даведаліся аб тым, што справа па захаванасці народнай спадчыны пачалася са стварэння ў бібліятэцы этнаграфічнага куточка, які ў чэрвені 2006-га перамясціўся ў асобны пакой. І ён стаў кожны год, дзякуючы падтрымцы мясцовых жыхароў, папаўняцца новымі экспанатамі. У выніку з’явілася чатыры экспазіцыі: “Нацыянальнае адзенне”, “Народныя рамёствы”, “Прылады працы”, “Робім самі”. Аб звычаях і абрадах вяскоўцаў,  тапанімічных назвах, прызначэннях прадметаў побыту расказваюць матэрыялы, змешчаныя ў папках “Юраўскі карагод”, “Фальклорныя святы і абрады”, “Рамёствы нашай   вёскі”,  “Адзенне нашай вёскі”, “Паходжанне назваў нашых мясцовасцей”, “Аб чым прадметы даўніны табе паведаміць павінны”.


Дзеці змаглі на свае вочы пазнаёміцца з экспанатамі, сабранымі ў этнаграфічным пакоі. Такімі, напрыклад, як дзяжа – драўляная ёмістасць, у якой ставілі цеста для хлеба. Лічылася, як яно будзе расці, так будзе расці і дабрабыт у хаце. Начоўкі,  што    выкарыстоўваліся замест сучаснай пральнай машыны, вярнулі ў часы, калі ў сялянскіх сем’ях было шмат дзяцей, і сарочкі ва ўсіх – доўгія, льняныя. Каб вымыць, збіралі з печы залу і залівалі яе гарачай вадой, замочвалі бялізну ў жлуктах. А потым цягнулі яе на санках да ракі. Там білі доўга пранікам, каб знішчыць гразь, і паласкалі. Чым больш лён б’еш, тым больш мяккі і белы ён робіцца.


Шмат аб чым распавялі таксама юным вандроўнікам газавая лямпа, серп, маслабойка, ручнікі… З вялікай цікавасцю слухалі яны расказ аб мінулым. А колькі сыпалася пытанняў! Значыць, не дарэмна сабіралі ўсе гэтыя прылады,  рэчы: адна справа – пачуць і зусім іншая – убачыць, паназіраць. Напрыклад, як прасавалі тую ж бялізну качолкамі. Гэта дае магчымасць уявіць наступным пакаленням, як жылі і працавалі, чым займаліся іх папярэднікі. І шчыры інтарэс дзяцей да мінулага свайго народа застаецца толькі вітаць.


Кожны чалавек непарыўна звязаны са сваёй Радзімай. Ён павінен ведаць яе гісторыю, цікавіцца культурай і літаратурай, усім, што засталося нам у спадчыну, што ствараецца душой і працай народа.


Валянціна ХМЕЛЯНОК,
бібліятэкар Асарэвіцкай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *