НОВЫЯ МЕТАДЫ ІНСТРУКТАВАННЯ выкарыстоўваюць у КЖУП “Брагінскае”

Грамадства

На мінулым тыдні прайшоў Дзень аховы працы. На семінары, прымеркаваным да яго, быў разгледжаны шэраг актуальных пытанняў, якія датычаць удасканалення ўмоў аховы працы.  Сярод прысутных – кіраўнікі і адказныя асобы арганізацый і прадпрыемстваў раёна.


Спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вікторыя Дзегаўцова нагадала прысутным асноўныя прычыны вытворчага траўматызму, тыповыя парушэнні  бяспекі на працоўных месцах. Заканадаўства сёння накіравана на своечасовае выяўленне, ацэнку і папярэджванне прафесійных рызык. Таму задача наймальніка – не проста рэагаваць на няшчасныя выпадкі і прафесійныя захворванні, а прадбачыць іх і прадухіляць. Вікторыя Міхайлаўна таксама адзначыла прыярытэтныя накірункі работы.


Аб умовах аховы працы ў сферы электрабяспекі расказаў начальнік Брагінскай РЭІ Дзяніс Шульга, які прывёў не зусім станоўчыя прыклады. Так, у гэтым годзе ў вобласці зарэгістравана 12 няшчасных выпадкаў, звязаных з пашкоджаннем электратокам. Усе яны здарыліся з-за легкадумнасці і ігнаравання правілаў бяспекі.


Па гэтай жа прычыне сумную статыстыку дапаўняюць няшчасныя выпадкі ў сельгаспрадпрыемствах, аб якіх паведаміў галоўны інжынер па ахове працы райсельгасхарчу Іван Рудабелец. Паколькі 2012-ты быў аб’яўлены Годам бяспекі і аховы працы, гэтаму пытанню ў КСУПах надаецца вялікая ўвага. Аднак, здарэнні час ад часу рэгіструюцца. І ў асноўным таму што ў некаторых гаспадарках “дазваляецца” работнікам знаходзіцца на працы ў нецвярозым стане.


Памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Міхаіл Сняжко  звярнуў увагу прысутных на своечасовую атэстацыю працоўных месцаў. Ужо сёння неабходна скласці спіс прафесій, якія патрабуюць ацэнкі ўмоў работы з мэтай выяўлення шкодных або небяспечных вытворчых фактараў. Гэта робіцца для таго, каб супрацоўнікі арганізацый і прадпрыемстваў не засталіся без кампенсацый і льгот, прадугледжаных для іх  заканадаўствам. Заяўка на правядзенне атэстацыі падаецца непасрэдна ў райЦГЭ.


У прыклад усім была пастаўлена работа па ахове працы і тэхніцы бяспекі, якая вядзецца ў КЖУП “Брагінскае”. З яе некаторымі аспектамі прысутных пазнаёміла вядучы інжынер Аксана Зіновенка. Так, на абсталяванне пакоя з нагляднымі дапаможнікамі, плакатамі, схемамі, нарматыўнай дакументацыяй  і інш. прадпрыемства патраціла каля 15 мільёнаў рублёў. А для праверкі ведаў па тэхніцы бяспекі ўсіх катэгорый работнікаў была закуплена спецыяльная камп’ютарная праграма. Экзамен праходзіць у форме тэсціравання: на маніторы з’яўляецца пытанне і тры варыянты адказу, правільны з якіх толькі адзін. Такі метад інструктажу прыйшоўся да спадобы ўсім. Пры гэтым жадаючыя праверыць свае сілы ў тым ці іншым напрамку могуць зрабіць гэта ў любы час. Таксама КЖУП “Брагінскае”  набыло ў Мінскім цэнтры аховы працы і прамысловай бяспекі некалькі відэафільмаў: па першай медыцынскай дапамозе, па пажарнай бяспецы, па электрабяспецы і інш., якія спецыяльна распрацаваны з мэтай навучання бясшкодным для здароўя метадам выканання работ, папярэджвання вытворчага траўматызму. З іх дапамогай інструктаванне становіцца больш эфектыўным, асноўныя яго моманты лепш замацоўваюцца ў памяці.


Падводзячы вынікі  семінара, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любоў Кулабухава, яшчэ раз нагадала аб адказнасці, якую цягне невыкананне заканадаўства аб ахове працы. Яна адзначыла, што выяўленыя правапарушэнні, на жаль,  не заўсёды ўхіляюцца своечасова,  многія з іх паўтараюцца пры чарговым маніторынгу. Каб змяніць сітуацыю, было прынята рашэнне накіроўваць інфармацыю аб выніках праверак у пракуратуру, якая з’яўляецца надзорным оганам. У гэтым выпадку, каб пазбегнуць штрафаў (а яны высокія), адказным асобам давядзецца навесці парадак на працоўных месцах.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *