ШЛЯХАМІ СТАНАЎЛЕННЯ

Праздники и будни

Сёння – дзень шанавання ветэранаў органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.  І сёння спаўняецца 95 год з дня заснавання савецкай міліцыі.  Словазлучэнне  даўно  адышло ў гісторыю,  але  засталося ў памяці  тых,  хто  пачынаў свой  працоўны  шлях  менавіта  ў  яе  радах.


Стварэнне савецкай міліцыі, у тым ліку і на Брагіншчыне, пачалося з прыняцця  пастановы Саўнаркама ад 28 кастрычніка (па новым стылі – 10 лістапада)  1917 года “Аб працоўнай мілі-цыі”.  У хуткім часе на тэрыторыі Брагінскай воласці была ўсталявана Савецкая ўлада і створаны рэвалюцыйны камітэт, які ажыццяўляў тады функцыі міліцыі.


Праз год на тэрыторыі сённяшняга раёна былі сфарміраваны  чатыры валасныя міліцыі: Брагінская, Мікуліцкая, Савіцкая і Камарынская. Акрамя гэтага, тут дзейнічаў конны міліцэйскі атрад, які прымаў удзел у баях супраць бандытаў і белапалякаў. Сёння  імем  яго  камандзіра Фёдара Скарахода названа адна з вуліц райцэнтра.


У 1926 годзе ствараецца Брагінскі раён і дзве валасныя міліцыі – Брагінская і Мікуліцкая, аб’яднаўшыся, склалі аснову раённага аддзялення.


У гады Вялікай Айчыннай вайны асноўная частка міліцыянераў пайшлі на фронт. Тыя, хто застаўся, вялі барацьбу з нямецка-фашысцкімі  захопнікамі  ў  тыле. Напрыклад,  Іван  Валасенка быў адным з  арганізатараў партызанскага руху.


Чарговым  суровым выпрабаваннем для супрацоўнікаў міліцыі, як і для ўсіх жыхароў Брагіншчыны, стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС і ліквідацыя  яе наступстваў.  Асабовы састаў штодня быў задзейнічаны ў арганізацыі патрулявання ў зоне адчужэння і эвакуацыі насельніцтва, нёс вахту на кантрольна-прапускных пунктах “Глухавічы”, “Піркі”, “Астрагляды”. Пры гэтым трэба было не толькі сачыць за парадкам, але і растлумачваць  людзям сітуацыю, якая складвалася тады ў раёне.



Усе, каму давялося  служыць у гады СССР, працягваюць лічыць  сваім асноўным прафесійным святам дзень 10 лістапада. Тым не менш, сёння – гэта дзень шанавання ветэранаў органаў унутраных спраў Беларусі.


Ветэранская арганізацыя РАУС налічвае 32 чалавекі, некаторыя з  іх  дагэтуль працуюць у аддзеле. Трэба  адзначыць, што многія з ветэранаў  службы з’яўляюцца нашымі  частымі  гасцямі, ніколі не адмаўляюць  у  просьбе сустрэцца з  моладдзю, падзяліцца вопытам.


Калектыў Брагінскага РАУС віншуе ветэранаў органаў унутраных спраў са святам, жадае  ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, узаемаразумення і душэўнай цеплыні.


Вячаслаў ЛЫСЯНОК,
намеснік начальніка РАУС
па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *