СПОРТ ЯК ЧАСТКА ЖЫЦЦЯ

Спорт

У пятніцу ў Брагінскай СШ прайшлі спаборніцтвы па валейболе пад назвай  “Настаўнік – вучань”. Удзел у іх прынялі чатыры каманды.  І не толькі настаўнікаў школы і яе вучняў. Да гульні далучыліся гімназісты.  Таксама былі  прадстаўлены асобна і настаўнікі фізічнай культуры.



У спартыўнай зале панавала атмасфера саперніцтва і барацьбы, усім хацелася паказаць прыгожую гульню і, вядома ж, перамагчы. Але па правілах лідар павінен быць толькі адзін. І на гэты раз першай стала  каманда  настаўнікаў  фізкультуры. Яно і зразумела – прафесіяналы. Астатнія засмучацца не сталі. Наперадзе яшчэ шмат спаборніцтваў і момантаў адыграцца.



– Гэта не проста барацьба за месцы, –  кажа  педагог-арганізатар Брагінскай СШ Валянціна Краўчанка. –  Гэта частка нашага жыцця. Я сама  аматар валейбола, таму імкнуся арганізоўваць спаборніцтвы як мага часцей і заўсёды прымаю ў іх удзел. Гульні праходзяць не толькі паміж настаўнікамі і дзецьмі.  Да нас з задавальненнем  далучаюцца і бацькі нашых вучняў. У асноўным такія сустрэчы адбываюцца па суботах. Акрамя гэтага, у школе працуюць і іншыя спартыўныя секцыі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю карыстаюцца  баскетбольная  і па настольным тэнісе. Без сумненняў, дзеці, якія наведваюць іх, будуць не толькі здаровыя, але і дужыя,  валявыя,  дысцыплінаваныя.



Не застаецца ў баку ад школьных мерапрыемстваў і раённая арганізацыя ГА “БРСМ”. Пераможцам спаборніцтваў па валейболе в.а. першага сакратара РК Сяргей Даўгулявец па традыцыі ўручыў грамату і салодкі пачастунак.



Пакінуць адказ