У ПАВУЦІНЕ ЗАГАНАЎ не павінны быць ні дзеці, ні бацькі

Грамадства


“Зялёны змей” сваіх ахвяраў так проста не адпускае. Ён з лёгкасцю заманьвае іх, на першых стадыях яшчэ не паказваючы свой агідны твар. А з цягам часу чалавек ужо становіцца рабом моцнай атруты, і барацьба з ёй – цярністы шлях, але ж ён апраўданы светлай мэтай: дзецям патрэбны родныя бацькі. Таму за захаванне сем’яў не перастаюць змагацца спецыялісты самых розных узроўняў. За апошнія гады выпрацаваны дакладны   алгарытм   узаемадзеяння ўсіх дзяржаўных органаў, што маюць дачыненне да аховы дзяцінства. І ніякія намаганні  па  папярэджанні сацыяльнага зла, негатыўных з’яў грамадства не могуць быць лішнія.


Вынікі работы ў даным напрамку за дзевяць месяцаў бягучага года абмяркоўваліся на чарговым сумесным пасяджэнні каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 і камісіі па справах непаўналетніх. Яно праходзіла з удзелам прадстаўнікоў тых прадпрыемстваў і арганізацый, якія з’яўляюцца месцам работы абавязаных асобаў. У полі зроку знаходзіліся пытанні “працоўнай тэрапіі” гора-бацькоў і адлічэння дзяржаве сродкаў за ўтрыманне іх дзяцей. І сітуацыя, як высветлілася, выглядае не лепшым чынам: разлікі з дзяржавай ніжэй за сярэднеабласны паказчык, які наблізіўся да 64,7%, штодня рэгіструюцца прагулы: з пачатку года – 316. Лічбы, якія засмучаюць і прымушаюць задумацца, што на гэта паўплывала,  дзе недапрацавалі, патрабуюць выявіць “вострыя вуглы”.


З аднаго боку, зразумела, што на працэнт спагнання запазычанасці ўздзейнічае нізкі заробак нядбайных (няцяжка здагадацца, дзе і кім працуе пераважная большасць з іх у сельскагаспадарчым раёне), з другога – гэты паказчык мог бы быць вышэйшы, калі б не ўхіленні ад работы. У ліку злосных – пяць прагульшчыкаў. І ўсім добра вядома, што Дэкрэт прадугледжвае прымусовую дастаўку на работу такіх абібокаў: не на сябе працуюць, а на дзяцей, аб якіх у свой час не думалі. Ды як быць, калі асобу, сэнс жыцця якой звужаны да аднаго жадання – выпіць, не застаеш ні дома, ні ў суседзяў, ні ў сваякоў?.. Такім чынам гора-бацькі імкнуцца агарадзіць сябе ад залішняй “увагі”: у пошуках “спакойнага” жыцця качуюць па раёне. І каб вызначыць іх месцазнаходжанне, патрэбна патраціць нямала часу. У такім выпадку застаецца прыбегнуць да больш жорсткіх мераў.


У адносінах адной жанчыны за ўхіленне ад работы ўжо ўзбуджана крымінальная справа. Гэта ж можа здарыцца і з астатнімі прагульшчыкамі, калі  не задумаюцца, не выправяцца, не перамогуць сябе. 


Не менш вострая праблема, што абмяркоўвалася на пасяджэнні, – “скачок” дзіцячай злачыннасці: колькасць  “крымінальных сюжэтаў”  з удзелам непаўналетніх вырасла з чатырох да дванаццаці. Пераважаюць крадзяжы. Павялічыліся таксама факты ўжывання падлеткамі спіртнога, і зачастую да гэтага менавіта дарослыя прыкладваюць руку.


Зацікаўленым структурам ёсць над чым працаваць, каб вырваць і бацькоў, і дзяцей з павуціны заганаў.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *