ЗАВОД ПРЫМЕ ТОЛЬКІ ЯКАСНАЕ МАЛАКО

Сельское хозяйство

Пытанні развіцця асабістых падсобных гаспадарак знаходзяцца на пастаянным кантролі мясцовай улады, ды і на дзяржаўным узроўні ім удзяляецца неаслабная ўвага. У глыбінцы, дзе няма буйных прад-прыемстваў, праблема з работай, невялікія  заробкі, для мясцовых жыхароў уласная гаспадарка – ледзь ці не адзіная крыніца даходаў. Па звестках Міністэрства сельскай гаспадаркі, зараз у рэспубліцы налічваецца 1 млн 50 сялянскіх падворкаў. Найбольшая колькасць іх у Брэсцкай вобласці, найменшая – у Магілёўскай. Што датычыць фермерскіх гаспадарак, то іх зарэгістравана 448 (у Гомельскай вобласці – 338).


А жыхарам нашага раёна пашанцавала яшчэ і ў тым плане, што ўзбуйняць уласную гаспадарку дапамагае Міжнародны фонд развіцця сельскіх тэрыторый. Хочаце – гадуйце свіней або вырошчвайце гародніну, ягады, ёсць намер заняцца вытворчасцю малака – калі ласка! Акажуць садзейнічанне ў набыцці племянной жывёлы, накіруюць вопытнага ветэрынара, калі жывёліна захварэе.


І ўсё ж існуе праблема, якая часам адбівае жаданне вяскоўцаў здаваць малако дзяржаве. Сутнасць яе – у вызначэнні якасных паказчыкаў сыравіны. Пра гэта на старонках мясцовага выдання расказвалася шмат, як і пра пакуты і спробы малаказдатчыкаў дабіцца праўды і даказаць, што малако ад уласнай каровы – якаснае і адпавядае ўсім патрабаванням. Не ва ўсіх хопіць настойлівасці, каб пераканаць у сваёй праваце, звярнуцца ў суд, як гэта зрабіў фермер Юрый Шпілеўскі. У іншых часам апускаюцца рукі.


Мне ўзгадваецца размова з уладальнікам асабістай гаспадаркі з Хойніцкага раёна, які вырошчвае бульбу, трымае свіней. А жонка марыць пра той час, калі на падворку з’явіцца карова. “Слухай, што я табе скажу, – звяртаўся да мяне мудры паляшук, – карову трымаць можна. Але толькі для ўласных патрэб, каб мець малако, тварог, масла. Лішкі малака я б  здаваць не стаў. І жонку папярэдзіў, што яна гэтым займацца не будзе. Лепш скарміць яго свінням”. Папракнуць вяскоўца няма ў чым, у яго такі пункт гледжання, у нечым ён мае рацыю.


Патрабаванні да якасці малака на перапрацоўчых прадпрыемствах у апошні час узраслі. Без розніцы, ці гэта закупленае ў насельніцтва, ці надоенае на фермах і комплексах гаспадарак. Як расказалі спецыялісты, шчыльнасць яго павінна быць не менш 1,026-1,028 кг на метр кубічны, тэмпература – да дзесяці градусаў, адсутнічаць так званыя інгібіруючыя рэчывы і антыбіётыкі, а кіслотнасць – не вышэй за 21 градус Тэрнера. Пра наяўнасць вады і размовы не павінна быць. Калі гэтыя параметры будуць ніжэйшыя, сыравіну не прымуць, адправяць назад. Прычым усю партыю, а гэта – некалькі тон. Мала таго, што здадзенае малако вернуць і гаспадары не атрымаюць за яго ні капейкі, дык ім давядзецца яшчэ пакрыць транспартныя расходы вадзіцелю, што адвёз прадукцыю ў Хойнікі. Марока? Яшчэ якая! А калі вы – у ліку тых сумленных здатчыкаў, якія трымаюць адну карову і здаюць тлустае малако, да таго ж упэўнены, што гэта не па вашай віне пацярпелі іншыя, вам бу-дзе крыўдна.


Няўжо няма выйсця з гэтай сітуацыі? Вядома, ёсць. Я з увагай сачу, як арганізоўваюць закуп малака ў іншых раёнах рэспублікі. У Валожынскім, напрыклад, паміж мясцовай уладай і прыёмшчыкамі пастаянна ідзе абмеркаванне, як дабіцца добрага збору і добрай здачы малака. Там лічаць, што важна  пастаянна ўдасканальваць калектыўны дагавор, які заключаецца з малаказдатчыкамі. У яго прапанавалі ўнесці такі пункт: гаспадар, які здаў малако з антыбіётыкамі, будзе цалкам кампенсаваць урон, які панеслі ўсе.


Наяўнасць антыбіётыкаў – праблема для “малочнай справы” ва ўсім свеце. Згадзіцеся, мы, пакупнікі, таксама не хочам набываць у краме прадукцыю “з лекамі”. Той, хто здае малако, павінен быць яшчэ і сумленным чалавекам. У вёсцы, дзе ўсе ведаюць  адзін аднаго, няцяжка выявіць, чыя карова захварэла і  да каго заходзіў ветэрынарны ўрач. Гэта не здымае адказнасці са спецыялістаў, старшыняў  сельскіх Саветаў, якія павінны арганізаваць пастаянны кантроль за тлустасцю і якасцю малака.


На агульных сходах у пачатку года ў гаспадарках вядуць размову і пра закуп малака, маладняку ў насельніцтва. Калі гэта справа дзяржаўнай важнасці, дык і падыход да яе павінен быць адпаведны. Многія ж трымаюць па некалькі кароў, каб мець “жывыя” грошы, забяспечваць дабрабыт сваёй сям’і, уносіць пасільны ўклад у вырашэнне харчовай бяспекі краіны. Неабходна дапамагаць ім у гэтым, тады і скаргаў не будзе, і ўсе будуць задаволены.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *