БЫЦЬ НЕПРАДУЗЯТЫМ І СПРАВЯДЛІВЫМ

Праздники и будни

Праца юрыста – гэта заўсёды велізарная адказнасць, бо менавіта ад яго залежыць абарона людзей ад любога роду правапарушэнняў, развіццё прававой культуры ў грамадстве. Напярэдадні прафесійнага свята нашым суразмоўцам стаў старшыня раённага суда Аляксей Яшчанка.


– Суд з’яўляецца адным з праваахоўных органаў, – расказвае Аляксей Пятровіч. – І яго асноўная задача – рэалізацыя  права грамадзян  на судовую абарону. Кожны мае права  звярнуцца да нас з любым спрэчным пытаннем,  а мы абавязаны  забяспечыць  аб’ектыўны і справядлівы разгляд.


Калі браць справаздачу за першае паўгоддзе, то ў раённым судзе разгледжана 40 крымінальных спраў, 132 грамадзянскія, 453 адміністрацыйныя і інш. Асобна выдзелена дзейнасць судовых выканаўцаў. За гэты перыяд імі завершана 1273 справы.


Падлічыць, колькі пасяджэнняў давялося правесці  двум суддзям раённага суда ў месяц, няцяжка: больш за 50 – кожнаму. Нагрузка вельмі вялікая, і сёння ў краіне робяцца пэўныя крокі па яе зніжэнні. Напрыклад, быў спрошчаны парадак спынення крымінальных спраў (зараз гэта  можа  зрабіць пракурор ці следчы). Таксама з-пад ведамства суда выведзена вялікая колькасць  правапарушэнняў,  зараз  імі  займаецца адміністрацыйная камісія райвыканкама. Некаторыя пытанні, па якіх адсутнічаюць спрэчкі, перададзены натарыусу.


Часцей за ўсё ў суд звяртаюцца з заявамі, якія датычаць  спадчыны, вызначэння факту смерці, накіравання на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Дарэчы, шэсць грамадзянскіх  спраў былі разгле-джаны  на выязных судовых пасяджэннях. У асноўным яны датычылі пазбаўлення бацькоўскіх правоў, абмежавання ў дзеяздольнасці, накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый.  Як заўважае Аляксей Пятровіч, карысць у такіх пасяджэннях ёсць, яны маюць выхаваўчы эфект. Калі чалавека судзяць на вачах у яго аднавяскаўцаў, на астатніх гэта моцна ўздзейнічае. Многія задумваюцца аб сваіх паводзінах, імкнуцца выправіцца.


Старшынёй суда таксама была закранута і тэма п’янства. Падлічана і дакументальна пацверджана, што большасць злачынстваў у раёне здзейснена людзьмі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Сярод іх дамінуюць крадзяжы. Аднак зусім нядаўна давялося разглядаць крымінальную справу адносна жыхара раёна, які пазбавіў жыцця другога чалавека (ч. 1 ст. 139). У момант забойства абодва былі нецвярозыя. Злачынца асуджаны да 9 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі і будзе адбываць пакаранне ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Лёс згублены з-за злоўжывання спіртнымі напоямі.


Дарэчы, у разглядзе крымінальных спраў могуць удзельнічаць і народныя засядацелі. У такім выпадку правасуддзе ажыццяўляецца калегіяльна. Вядома, ім не можа быць чалавек,  зацікаўлены ў зыходзе той ці іншай справы. А ў рамках мерапрыемстваў па павышэнні якасці работы судоў плануецца ўвесці ў практыку аўдыё- і відэапрацэсы. Таксама мяркуецца, што новаўвядзенне паўплывае і на дысцыпліну ўдзельнікаў судовага працэсу, якія часам дазваляюць сабе ў яго ходзе непрыстойныя паводзіны.


Якім жа павінен быць ён, вяршыцель лёсаў людскіх?


– Планка патрабаванняў да кандыдата на пасаду суддзі вельмі высокая, – гаворыць Аляксей Пятровіч. – Супрацоўнік нашай установы павінен валодаць не толькі трывалымі юрыдычнымі ведамі, але  і высокімі маральнымі  якасцямі. Умець хутка рэагаваць  на змены ў заканадаўстве. Пры  вынясенні рашэнняў быць непрадузятым  і справядлівым.


Сёння ў калектыве раённага суда –  пяць юрыстаў, але прафесійнае свята заўтра будуць адзначаць усе яго супрацоўнікі.


– У гэты перадсвяточны дзень хачу выказаць калегам падзяку за вернасць Закону, прынцыповасць і адданасць абранай справе, –  завяршае старшыня суда. – Традыцыйна жадаю ўсім мэтанакіраванасці, невычэрпнай энергіі і плённай працы, а таксама моцнага здароўя, міру, шчасця і дабрабыту.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *