Да Новага года, не пазней неабходна дапрацаваць насенне

Сельское хозяйство



Такія тэрміны вызначыла Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Ці паспеюць хлебаробы Брагіншчыны пачысціць насенны матэрыял да 31 снежня, як  увогуле ідуць справы з яго падрыхтоўкай, мы папрасілі расказаць начальніка Брагінскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Мікалая Дзегцярэнку.


– Цяжка вызначыць асноўныя фактары атрымання высокага ўраджаю, але нельга недаацэньваць важнасць якасці насення, якое нездарма называюць залатым фондам, – паведаміў Мікалай Адамавіч. – Аб гэтым ведаюць і кіраўнікі гаспадарак, і аграномы, і механізатары. Убралі хлебнае поле гэтага года – паклапаціцеся загадзя і пра каравай будучага, каб быў такі ж багаты і шчодры. Што тут незразумелага? Толькі на справе атрымліваецца зусім іншае.
З плана засыпкі яравых зерневых культур у колькасці 1502 тоны на праверку ў інспекцыю паступіла 1414, або 94%. З гэтай колькасці 1359 тон (90%) даведзена да патрэбных кандыцый. Некандыцыйнымі аказаліся 55 тон насення з такіх гаспадарак, як КСУП “Брагінка” (50 тон яравога ячменю) і КСУП “Малажынскі” (дзве тоны грэчкі і тры – проса).


Маруднымі тэмпамі вядзецца работа ў КСУП “Чамярыскі”. З плана 179 тон насення яравых у інспекцыю прадстаўлена 93 тоны, што складае 52%. Агранамічная служба гэтых сельгаспрадпрыемстваў зацягвае яго ачыстку. Неабходна прыкласці  намаганні і арганізаваць работу  так, каб не парушыць устаноўленыя тэрміны, не выклікаць нараканні з боку Галоўнай  дзяржаўнай інспекцыі, ды і раён не падвесці.  Нашы суседзі трапілі ў лік адстаючых,  бо ў іх ёсць гаспадаркі, якія  ўвогуле не  маюць падрыхтаванага да веснавой сяўбы  насення зерневых і зернебабовых культур.  Брагінчанам гэта не да твару.


Са станоўчага боку можна адзначыць работу па ачыстцы яравых у КСУП імя Жукава, “Брагінскі” і КСУП “Саўгас “Камарынскі”. Да вясны яшчэ далёка, але ў паўсядзённых клопатах час праляціць хутка, пагэтаму пра насенны матэрыял неабходна паклапаціцца загадзя. Маю на ўвазе не толькі дапрацоўку аўсоў, ячмянёў і іншых культур, але і абнаўленне сартавога, рэпрадуктыўнага саставу. Штогод гаспадаркі нашага раёна праводзяць сортазамену і сортаабнаўленне элітнага насення яравых зерневых культур (не менш за 150 тон), не менш як 200 тон – азімых. Закупляецца яно ў элітных гаспадарках вобласці і за яе межамі. У прыватнасці, КСУП “Чамярыскі” набывае насенне перспектыўных сартоў у агракамбінаце “Сноў”.


Найбольшую ўдзельную вагу ў структуры пасяўных плошчаў займалі сёлета такія сарты, як “стратус” (ячмень), “юбіляр” (авёс) і “рассвет” (пшаніца).


Падрыхтавала  Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *